Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кі́пень, ‑пню і ‑пеню, м.

Вада ў час кіпення; вар. Лявон Муравейка асцярожна выцягнуў кацялок з агню, памачыў у кіпені сухар, пасыпаў на яго солі. Шчарбатаў.

кі́пецень, ‑петню, м.

Абл. Кіпень, вар. [Вова] любіў глядзець, як струмень кіпетню цурчыць у шклянкі. Хомчанка.

кі́пець, ‑пця, м.

Разм. Тое, што і кіпцюр.

кіпе́ць, ‑плю́, ‑пі́ш, ‑пі́ць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Бурліць, клекатаць ад пары, якая ўтвараецца пры награванні (пра вадкасці). У адным катле варыўся абед, у другім цэлы дзень кіпела вада. Чорны. / Пра пасудзіну, у якой кіпіць вадкасць. Чайнік кіпіць. Кіпіць самавар. // Даходзіць да стану кіпення; закіпаць. Вада кіпіць пры 100° па Цэльсію.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан.; ад чаго і без дап. Бурліць, віраваць, клекатаць (пра вадкасці ў халодным стане). Вада аж кіпела ад рыбы. Хомчанка. Закутае ў суровы камень кіпела возера, як вір. Машара. // Іскрыцца, пеніцца (пра віно, піва).

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Мітусліва рухацца, кішэць (пра мноства жывёл, насякомых і пад.). У рэчцы і лужынах рыба кіпела, як у катле. Бядуля. / у безас. ужыв. Чаек навокал аж кіпела. Карпаў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Праяўляцца, развівацца бурна, з сілай (пра пачуцці, перажыванні, думкі і пад.). Злосць кіпела. □ Думкі кіпяць, блытаюцца. Пянкрат. // Адбывацца, працякаць ажыўлена, імкліва, бурна (пра якую‑н. дзейнасць, падзею). Вой кіпеў. □ Работа цяпер кіпела: малоў млын, бровар гнаў спірытус, у гумнах ішла малацьба. Чарнышэвіч. Пасля мітынгу настаўнікі едуць прыгарадным цягніком у горад, дзе яшчэ кіпіць, бушуе вясновае сонечнае свята. Няхай.

5. перан.; чым і без дап. Быць узбуджаным, ахопленым якім‑н. пачуццём. Карызна кіпеў шалёным абурэннем, перамяшаным з злараднасцю. Зарэцкі. / у безас. ужыв. У Максіма кіпела на душы. Шамякін. // Працаваць многа, напружана, энергічна. — Іншы раз думаеш: кінь ты, Тарас, усё, пажыві спакойна. Не магу. Прывык кіпець. Асіпенка.

•••

Кроў (у жылах) кіпіць гл. кроў.

Як у катле (гаршку) кіпець — пра мітуслівы бесперапынны рух каго‑, чаго‑н.

кіпрыёт,

гл. кіпрыёты.

кіпрыётка,

гл. кіпрыёты.

кіпрыёты, ‑аў; адз. кіпрыёт, ‑а, М ‑рыёце, м.; кіпрыётка, ‑і, ДМ ‑тцы; мн. кіпрыёткі, ‑так; ж.

Насельніцтва Кіпра, якое складаюць грэлі і туркі.

кіпрыёцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кіпрыётаў, які належыць, уласцівы ім. Кіпрыёцкія традыцыі.

кіпрэ́гель, ‑я, м.

Геадэзічны вугламерны інструмент, які прымяняецца разам з мензулай для тапаграфічных здымкаў па мясцовасці.

[Ням. Kippregel.]

кіпу́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць кіпучага (у 2 знач.).

кіпу́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які кіпіць, нагрэты да кіпення. На стале з’явілася кіпучая смажаніна сала з каўбасою і яечкамі. Пестрак.

2. Бурлівы, пеністы. Кіпучы вадаспад. □ Песня ўздымае Кіпучы вал з глыбінь марскіх. Танк. // Пеністы, іскрысты (пра віно, піва і пад.). За кожным сталом Месца пакінем для нашых сяброў, Чарку пакінем з кіпучым віном. Танк.

3. перан. Дзейны, ажыўлены, напружаны. Кіпучая дзейнасць. □ Наш край кіпучай працай Узмоцнен і сагрэт. Журба. // Палкі, гарачы. Кіпучая натура.