Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

суці́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

1. Перастаць хвалявацца, супакоіцца, прыціхнуць, заціхнуць. [Пагода] зарыўся тварам у куп’ё і суцішыўся. Бажко. Прыйшоўшы ў камітэт, Клара суцішылася і вельмі талкова расказала .. [Андрэю] пра недахопы ў рабоце. Асіпенка.

2. Аслабець у праяўленні чаго‑н. Закончан бой, і зарыва пажару То ўспыхне, то суцішыцца ў акне. Лойка. Свішча вецер, глуха стогне, Завывае ля дамоў, То суцішыцца, прыглохне, То усходзіцца ізноў. Васілёк.

3. Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Калі ж заліў суцішыцца да сну І стануць нанач мачты, як асверы, Ён [рыбак] пойдзе, узяўшы рыбіну адну, — Кату берагавому на вячэру. Лось. Навокал усё даўно суцішылася, усё замерла. Ус.

суці́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

1. Прывесці ў стан спакою, рассеяць хваляванне і пад.; супакоіць. Валя раз не сцярпела. Дала .. [Пецю] па твары і плакала ўвесь урок. Яе ніхто тады не мог суцішыць: у яе разбалелася галава. Пташнікаў. // Прымусіць або ўгаварыць каго‑н. перастаць крычаць, шумець і пад.; заставіць весці сябе ціха. Грамыка суцішыў моладзь і аб’явіў пачатак канцэрта. Дуброўскі. Настаўніца суцішыла дзяцей і .. пачала правяраць іх веды. Васілевіч. // Разм. Вымусіць спыніць якія‑н. дзеянні, учынкі; уціхамірыць каго‑н. Не хапіла ў паноў ні акоў, ні гранат, Каб суцішыць навек неўгамонны народ. Бажко. Нішто не магло суцішыць раз’юшанай лютасці лясных быкоў. В. Вольскі.

2. Паменшыць, змякчыць, зрабіць менш адчувальным. Суцішыць голад. □ Хочацца есці, піць і... спаць. Калі не спаць, дык прылегчы адпачыць, каб суцішыць боль у нагах, якія сталі пудовымі — не пацягнуць. С. Александровіч. // Аслабіць або прыглушыць якое‑н. пачуццё. І цяжка мне суцішыць і стрымаць Пачуцці, расчуленне, хваляванне! Дзяргай.

3. Затрымаць, прыцішыць (чый‑н. ход, рух і пад.). Каля дома Андрэя Сташэвіча .. [Халуста] суцішыў хаду. Чарнышэвіч. Лодка хоць і суцішыла ход, але плыла ў адным напрамку. Пестрак. Расшпіліў [Віця] паліто і зноў пабег. Вось і ўтаптаная сцежка, што вядзе да вакзала. На хвіліну суцішыў бег, каб супакоіцца. Нядзведскі.

суцішэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. суцішыць.

суцэльназварны́, ‑ая, ‑ое.

Выкананы спосабам злучэння швоў толькі з дапамогай зваркі (без злучэння на балтах, на заклёпках і пад.). Суцэльназварныя судны.

суцэльнаметалі́чны, ‑ая, ‑ае.

Зроблены цалкам з металу; з металічнай абалонкай. Суцэльнаметалічны вагон.

суцэ́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць суцэльнага (у 3, 4 знач.). Усё гэта стамляе Шаўца, перашкаджае думаць, парушае суцэльнасць думак. Галавач. У семінарыі — цвёрды парадак. У інтэрнаце — таксама. Усё змяшчаецца ў адным вялікім гмаху, складае адну суцэльнасць. Таўлай.

суцэльнаця́гнуты, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з суцэльнага кавалка металу, не спаяны, не скляпаны. Суцэльнацягпутая труба.

суцэ́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які цягнецца без прамежкаў, перапынкаў; цалкам займае сабой якую‑н. прастору. Ад сяла да лесу, што суцэльнай сцяной сінее наперадзе, вярсты тры. Навуменка. І неба і зямля зліліся ў суцэльным віхры снежнага пылу і цемрадзі. Колас. // Які распаўсюджваецца на ўсіх ці ўсё; ахоплівае ўсіх без выключэння; паўсюдны, усеагульны. Суцэльная электрыфікацыя. Суцэльная калектывізацыя. Суцэльная пісьменнасць. □ Прынцып суцэльнага запісу слоў быў прынят Камісіяй у якасці рабочага метаду і для складальнікаў краёвых слоўнікаў. Гіст. бел. літ. мовы. // Спец. Які не надзяляецца на пласты па сваёй структуры (пра рэчыва). Суцэльны граніт. Суцэльная парода.

2. Які не мае ў сабе нічога іншага, без дабаўлення чаго‑н.; які цалкам складаецца з чаго‑н. [Бацька:] — Я ж, дарагі Цярэшка, прафесійны злачын[е]ц, як кажуць прыстойныя людзі, і ўсё маё жыццё — суцэльная рызыка. Мікуліч. Змаганне .. [чалавека] з засухай ператвараецца ў суцэльную, бясконцую пакуту. Сачанка.

3. Зроблены з аднаго кавалка; не састаўны. Ёсць храмы, высечаныя з суцэльнай скалы. «Полымя». Насціл на мосце быў зроблены не з суцэльных дошак, а з палавінак. Сабаленка.

4. перан. Адзіны, непадзельны. Сотню коннікаў, сотню пяхоты, абоз і фурманкі з параненымі... — усё гэта, як суцэльную баявую адзінку, трэба было зберагчы ад разгрому. Брыль.

суця́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑цязе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. неадабр. Той (тая), хто займаецца суцяжніцтвам; хто бесперапынна судзіцца.

суця́жнік, ‑а, м.

Разм. неадабр. Той, хто займаецца суцяжніцтвам.