суцэ́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які цягнецца без прамежкаў, перапынкаў; цалкам займае сабой якую‑н. прастору. Ад сяла да лесу, што суцэльнай сцяной сінее наперадзе, вярсты тры. Навуменка. І неба і зямля зліліся ў суцэльным віхры снежнага пылу і цемрадзі. Колас. // Які распаўсюджваецца на ўсіх ці ўсё; ахоплівае ўсіх без выключэння; паўсюдны, усеагульны. Суцэльная электрыфікацыя. Суцэльная калектывізацыя. Суцэльная пісьменнасць. □ Прынцып суцэльнага запісу слоў быў прынят Камісіяй у якасці рабочага метаду і для складальнікаў краёвых слоўнікаў. Гіст. бел. літ. мовы. // Спец. Які не надзяляецца на пласты па сваёй структуры (пра рэчыва). Суцэльны граніт. Суцэльная парода.

2. Які не мае ў сабе нічога іншага, без дабаўлення чаго‑н.; які цалкам складаецца з чаго‑н. [Бацька:] — Я ж, дарагі Цярэшка, прафесійны злачын[е]ц, як кажуць прыстойныя людзі, і ўсё маё жыццё — суцэльная рызыка. Мікуліч. Змаганне .. [чалавека] з засухай ператвараецца ў суцэльную, бясконцую пакуту. Сачанка.

3. Зроблены з аднаго кавалка; не састаўны. Ёсць храмы, высечаныя з суцэльнай скалы. «Полымя». Насціл на мосце быў зроблены не з суцэльных дошак, а з палавінак. Сабаленка.

4. перан. Адзіны, непадзельны. Сотню коннікаў, сотню пяхоты, абоз і фурманкі з параненымі... — усё гэта, як суцэльную баявую адзінку, трэба было зберагчы ад разгрому. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)