Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

суні́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да суніт.

суні́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сунізму, сунітаў.

суні́цы, ‑ніц; адз. суніца, ‑ы, ж.

1. Шматгадовая травяністая ягадная расліна сямейства ружакветных з белымі кветкамі і пахучымі ружова-чырвонымі пладамі. А ўнізе навакол цвілі, адцвіталі суніцы. Лынькоў.

2. Пахучыя салодкія ці кісла-салодкія ягады гэтай расліны. Мы з Галінкай назбіралі збанок суніц. Васілевіч. Андрэй пачаставаў суніцамі Веру і швагерак. Кулакоўскі. Летам каля старых сухіх пнёў вельмі рана паспяваюць духмяныя суніцы. Ігнаценка.

суні́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Ласк. да суніца (у 2 знач.).

суні́чнік, ‑у, м., зб.

Кусцікі сунічнага ягадніку. Ля мізэрных на пяску сасонак .. зелянее шыракалісты сунічнік — першы ягаднік вясны. Пташнікаў. Плёўся, пусціўся лапушысты сунічнік. Сачанка.

суні́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да суніц. Сунічны пах. □ Потым [Аляксандр] адважыўся і пайшоў па сунічных узгорках, па грыбных баравінах. Грахоўскі. // Прыгатаваны з суніц. Сунічнае варэнне.

су́нуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сунуць (у 1–4 знач.).

су́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; заг. сунься; зак. і незак.

Разм.

1. зак. Кінуцца, палезці куды‑н. Сляпы куды ні сунецца, усё на агонь натыкаецца. Якімовіч. Сунуліся мы з Санькам у адно месца — багна; паткнуліся ў другое — грузне пад нагамі куп’ё. Сяркоў. Не зведаўшы броду, не сунься ў воду. Прыказка. // Паспрабаваць зрабіць што‑н. (цяжкае, рызыкоўнае, небяспечнае і пад.). [Цімошка:] — А калі Мурашка на рэўком паляціць? Што тады? — Ага, паляціць, — хмыкнуў Сцёпка. Няхай сунецца. Хомчанка. Спрабавалі карнікі сунуцца ў лес, але партызаны так іх паперлі назад, што больш і носа баяліся паказаць туды. Кірэйчык. — Ды я на парог яго [Ігара] не пушчу, дачушка!.. Ды я яго памыямі аб[лію], калі сюды сунецца! — горача паклялася маці. Сіняўскі.

2. зак. Звярнуцца да каго‑, чаго‑н., куды‑н. з якой‑н. мэтай. Браток .. пайшоў да старога пана. Як адважыўся сунуцца да яго Браток, застанецца назаўсёды загадкай. Асіпенка.

3. зак. Раптоўна ўпасці, паваліцца. Косця сунуўся носам на брук. Новікаў.

4. незак. Ісці, ехаць вельмі павольна. Віктар ідзе наперадзе, і я моўчкі сунуся следам, і дошкі сходкаў зыбаюцца пад нашымі нагамі. Савіцкі. Сунецца лодка па роўнай паверхні ракі, і зусім не відаць таго, хто вяслуе. Ваданосаў. // Плысці, пасоўвацца (пра хмары, туман і пад.). З лагчыны цераз пуці сунуліся шэрыя космы туману. Быкаў. Пушчай сунуўся змрок, хмарай высь завалок. Куляшоў. Ветру няма, а хмара сунецца, цёмная, страшная. Жычка. / у перан. ужыв. Так і думкі ў галаве ідуць, сунуцца неахвотна, спакваля. Шынклер.

5. незак. Перамяшчацца, перасоўвацца куды‑н. Напружваючы апошнія сілы, дырэктар зірнуў угору. Край даху паволі сунуўся ўніз. Нядзведскі. Завішнюк ціха адчыніў вароты — яны зарыпелі, аселі і сунуліся, хоць і новыя, па зямлі. Пташнікаў. Ножка [дзіцяці] была цэлая, толькі, відаць, трохі зачапіла яе колам, калі машына сунулася ў адхон. Кулакоўскі. // Адсоўвацца. Людзі пачціва сунуліся ў бакі, уступаючы .. [Баталевічу] дарогу. Васілёнак.

6. незак. Умешвацца без спросу ў што‑н., куды‑н.; імкнуцца прыняць удзел у чым‑н. Маша ўзлавалася: чаму .. [жанчыны] па-бабску сунуцца ў чужыя справы. Шамякін. [Жорка:] — А ты [Васіль] без паняцця сунешся ў такую скрыпічную тонкасць. Беразняк.

•••

Сунуцца з (сваім) носам — умяшацца (умешвацца) звычайна не ў сваю справу.

су́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; заг. сунь; зак. і незак.

1. зак., каго-што. Укласці, усунуць унутр чаго‑н., пад што‑н. або за што‑н. Сунуць ногі ў тапачкі. □ Мяне хутка распранулі, памаглі ўкласціся ў пасцель, а пад паху сунулі тэрмометр. Кавалёў.

2. зак., каго-што. Пакласці куды‑н. абы-як, спехам. Піліп Андрэевіч занерваваўся, сунуў у попельніцу недакураную папяросу, нахмурыўся. Краўчанка. Як Васіль Раманавіч здагадаўся сунуць у кошык пляшкі з самагонам! Жанчыны нічога не сказалі, але зірнулі адна на адну. Новікаў.

3. зак., каго-што. Даць, падаць што‑н. спяшаючыся, тайком або нядбайна. Сунуў [Мікалай] пакамечаны пропуск патрулю і — толькі яго тут бачылі. Якімовіч. Шафёр азірнуўся па баках і сунуў .. [партызанам] у рукі лапаты. Няхай. [Нахлябіч] сунуў Пніцкаму руку і хацеў .. ісці далей. Чорны. [Ганна] .. хітравата паглядзела на хлопца і нечакана сунула яму ў руку невялікі скрутак. Пятніцкі. // Прапанаваць каму‑н. што‑н. непатрэбнае, навязаць. — Васілька-а, нам давай! — ужо адчайна выгукнуў іншы. Што ты нам якогасьці Карпюка сунеш? Карпюк. // і без дап. Даць хабар. Выручыла мікалаеўская залатая пяцёрка — сунуў яе Катловіч таможніку, той і размяк. Грахоўскі.

4. зак., што і без дап. Ударыць груба, стукнуць. [Лявон] сунуў Ладымеру кулаком у зубы, і адразу ж абодва ўчапіліся адзін за аднаго. Чарнышэвіч. // Навесці ўдар чым‑н. вострым. А ў выпадку патрэбы, калі толькі .. [ксёндз] можа мець ад гэтага карысць, на агонь цябе ўзвядзе альбо нож у бок суне. Бядуля.

5. зак., што і без дап. Паказаць што‑н. са злосцю, тыцнуць. — А ты гэта бачыў? — і Гаруноў дастаў з кішэні паперу і сунуў Варанецкаму. Дуброўскі.

6. незак. Ісці вельмі павольна. Капэла ўрачыста сунула па дарозе, каб спыніцца, дзе была патрэба. Лынькоў.

7. незак., што. Перамяшчаць, перасоўваць з месца на месца. Іржавыя плугі яшчэ валакуць гразь, сунуць перад сабой пясок, не хочуць адкідваць скібу. Пташнікаў. [Раман:] — Дурненькі. Гэта ж вецер суне пустую кардонную скрынку з-пад лялек. Даніленка. Астатнія хлопцы кацілі воз з дзедам Анупрэем на вуліцу. І не кацілі, а як бы сунулі. Сабаленка.

•••

Сунуць нос куды — тое, што і соваць нос куды (гл. соваць).

Сунуць у руку (лапу) — тое, што і даць у руку (лапу) (гл. даць).

суня́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад суняць.