сунуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; заг. сунь; зак. і незак.
1. зак., каго-што. Укласці, усунуць унутр чаго‑н., пад што‑н. або за што‑н. Сунуць ногі ў тапачкі. ▪ Мяне хутка распранулі, памаглі ўкласціся ў пасцель, а пад паху сунулі тэрмометр. Кавалёў.
2. зак., каго-што. Пакласці куды‑н. абы-як, спехам. Піліп Андрэевіч занерваваўся, сунуў у попельніцу недакураную папяросу, нахмурыўся. Краўчанка. Як Васіль Раманавіч здагадаўся сунуць у кошык пляшкі з самагонам! Жанчыны нічога не сказалі, але зірнулі адна на адну. Новікаў.
3. зак., каго-што. Даць, падаць што‑н. спяшаючыся, тайком або нядбайна. Сунуў [Мікалай] пакамечаны пропуск патрулю і — толькі яго тут бачылі. Якімовіч. Шафёр азірнуўся па баках і сунуў .. [партызанам] у рукі лапаты. Няхай. [Нахлябіч] сунуў Пніцкаму руку і хацеў .. ісці далей. Чорны. [Ганна] .. хітравата паглядзела на хлопца і нечакана сунула яму ў руку невялікі скрутак. Пятніцкі. // Прапанаваць каму‑н. што‑н. непатрэбнае, навязаць. — Васілька-а, нам давай! — ужо адчайна выгукнуў іншы. Што ты нам якогасьці Карпюка сунеш? Карпюк. // і без дап. Даць хабар. Выручыла мікалаеўская залатая пяцёрка — сунуў яе Катловіч таможніку, той і размяк. Грахоўскі.
4. зак., што і без дап. Ударыць груба, стукнуць. [Лявон] сунуў Ладымеру кулаком у зубы, і адразу ж абодва ўчапіліся адзін за аднаго. Чарнышэвіч. // Навесці ўдар чым‑н. вострым. А ў выпадку патрэбы, калі толькі .. [ксёндз] можа мець ад гэтага карысць, на агонь цябе ўзвядзе альбо нож у бок суне. Бядуля.
5. зак., што і без дап. Паказаць што‑н. са злосцю, тыцнуць. — А ты гэта бачыў? — і Гаруноў дастаў з кішэні паперу і сунуў Варанецкаму. Дуброўскі.
6. незак. Ісці вельмі павольна. Капэла ўрачыста сунула па дарозе, каб спыніцца, дзе была патрэба. Лынькоў.
7. незак., што. Перамяшчаць, перасоўваць з месца на месца. Іржавыя плугі яшчэ валакуць гразь, сунуць перад сабой пясок, не хочуць адкідваць скібу. Пташнікаў. [Раман:] — Дурненькі. Гэта ж вецер суне пустую кардонную скрынку з-пад лялек. Даніленка. Астатнія хлопцы кацілі воз з дзедам Анупрэем на вуліцу. І не кацілі, а як бы сунулі. Сабаленка.
•••
Сунуць нос куды — тое, што і соваць нос куды (гл. соваць).
Сунуць у руку (лапу) — тое, што і даць у руку (лапу) (гл. даць).