су́дарга, ‑і, ДМ ‑рзе, ж.
Тое, што і сутарга. Зноў, чамусьці, успомнілася .. [Віцьку] пра бацьку, яго скурчаныя ад сударгі ногі, безнадзейныя воклічы аб дапамозе. Кулакоўскі.
су́даргавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сударгі. І тады з грудзей яго [Валокі] прарваўся сударгавы, нястрымны кашаль. Быкаў.
суддзё, ‑я, н., зб.
Разм. Посуд з клёпак (падушкі, бачуркі, цабры).
суддзя́, ‑і; мн. суддзі, ‑яў; м.
1. Службовая асоба ў органах суда, якая выносіць прыгавор па судовай справе. Народны суддзя. Міравы суддзя. □ Чыкілевіч успомніў адно здарэнне па судзе, паставіў сябе на месца таго падсуднага, якога асудзіў суддзя. Колас. Джыавані не ведаў, што дні праз тры пасля яго суда тую дзяўчыну таксама прывялі ў суд, праўда, не да таго суддзі, які судзіў Джыавані. Лынькоў.
2. У спорце — той, хто судзіць якое‑н. спаборніцтва, гульню. Сам суддзя аслупянеў — Вырашыць не можа: Гол ці не? Гілевіч.
3. Чалавек, які выказвае якое‑н. суджэнне, думку, вывад пра што‑н. або дае ацэнку каму‑, чаму‑н. Лёдзя не раз заўважала, як людзі чамусьці тушуюцца перад бацькам і, калі спрачаюцца між сабою, звычайна бяруць яго за суддзю. Карпаў.
су́джана, безас. у знач. вык., каму, з інф.
Прызначана каму‑н.; прыйшлося каму‑н. Напэўна, мы, як паралелі, Нам быць не суджана ўдваіх. Прануза. Ты бачыш, мама, горад наш які, Навечна суджана яму героем звацца. Вітка.
су́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад судзіць (у 3, 5 знач.).
2. у знач. прым. Прызначаны лёсам; абумоўлены чым‑н. Я шчаслівы, што ў суджаны час Нарадзіўся на гэтай зямлі. Гілевіч. Ужо даўнавата ў Якава пачало выспяваць перакананне, што тэхніка — яго суджаная дарожка. Кулакоўскі.
3. у знач. наз. су́джаны, ‑ага, м.; су́джаная, ‑ай, ж. Жаніх (нявеста). Ажаніўся суджаны, Шлюб узяў з другой... Куляшоў. Нявесты на радзіме горка плакалі, не прычакаўшы суджаных сваіх. Гаўрусёў.
суджэ́нне, ‑я, н.
1. Выказванне, меркаванне аб чым‑н., погляд на што‑н. Своеасаблівае суджэнне аб імпульсах мастацкай творчасці ёсць і ў развагах лірычнага героя эцюда «Мадонна». Лойка.
2. У логіцы — думка, у якой змяшчаецца сцвярджэнне або адмаўленне чаго‑н. адносна прадмета або з’явы.
•••
Катэгарычнае суджэнне — безумоўнае суджэнне, у адрозненне ад умоўнага або раздзяляльнага.
судзе́бнік, ‑а, м.
У мінулым — збор законаў, прававых пастаноў. Судзебнік Івана III.
судзе́йскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да суддзі (у 1 знач.). Судзейскі прыгавор. □ Патраціўшы дзесяць тысяч долараў на пабыццё судзейскай пасады,.. [Грынфілд] хацеў як мага хутчэй вярнуць назад патрачаныя грошы. Лынькоў.
2. Уст. Які служыць у судзе, судовым ведамстве. Судзейскі чыноўнік. // Які належыць, уласцівы служачым судовага ведамства. Судзейская форма.
3. Які мае адносіны да суддзі (у 2 знач.), належыць яму. Судзейскі свісток.
4. у знач. наз. судзе́йская, ‑ай, ж. Пакой для суддзяў (у 1, 2 знач.).
судзе́йства, ‑а, н.
Выкананне абавязкаў суддзі (у 2 знач.). Судзейства ў фігурным катанні.