Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэцэнзава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; незак., што.

Пісаць рэцэнзію, водзыў на што‑н. Рэцэнзаваць слоўнік. Рэцэнзаваць новы раман.

рэцэнзе́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Аўтар рэцэнзіі. Рэцэнзент дысертацыі. □ На думку рэцэнзента, «Дудка» мае «немалаважную цікавасць і паказвае, што ў аўтара ёсць як паэтычная жылка, так і неабходная наглядальнасць». С. Александровіч. // Той, хто спецыяльна піша рэцэнзіі, водзывы для прэсы. Тэатральны рэцэнзент. □ Як толькі рэцэнзент загаварыў пра перадачы музычнай рэдакцыі, Мікола падышоў бліжэй да дзвярэй. Гаўрылкін.

рэцэнзе́нцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэцэнзента. Рэцэнзенцкі ганарар.

рэцэ́нзія, ‑і, ж.

Жанр літаратурнай, мастацкай і навуковай крытыкі. // Артыкул, у якім даецца аналіз і ацэнка навуковага або мастацкага твора. Рэцэнзія на кінафільм. □ Пра тое, што Е. Раманаў ставіў задачу папулярызаваць кнігу Ф. Багушэвіча, сведчыць публікацыя ў канцы рэцэнзіі поўнага тэксту верша «У судзе» на беларускай мове. С. Александровіч. З’яўлялася новая кніга. Караед прапытваў яе і садзіўся пісаць рэцэнзію. Паслядовіч.

[Ад лац. recensio — разгляд.]

рэцэ́пт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Пісьмовае прадпісанне ўрача ў аптэку аб прыгатаванні лякарства з указаннем спосабу яго прымянення. — Дык доктар выпісаў рэцэпт і сказаў, што такія лекі адно ў Навагранах і можна дастаць. Сабаленка.

2. Спосаб прыгатавання чаго‑н. Дацэнт ведаў рэцэпт, як зварыць моцную брагу, такую брагу, што ад трох шклянак чалавек п’яным рабіўся. Колас.

3. перан. Разм. Настаўленне, парада, як дзейнічаць, што рабіць у тым ці іншым выпадку. Можна падумаць, з панскай сям’і; такія рэцэпты ёй піша: не падымай цяжкага, еш больш вітамінаў, будзь асцярожнай. Васілевіч. Ні ў адным падручніку не вычытаеш такіх рэцэптаў, якія табе дае практыка. Паслядовіч.

[Ад лац. receptum — прынятае, узятае.]

рэцэ́птавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэцэпта. Доктар дастаў з кішэні халата рэцэптавы блакноцік, напісаў адрас і падаў .. [домработніцы] вырваны лісток. Машара.

рэцэ́птар, ‑а, м.

Канцавыя ўтварэнні адчувальных нервовых валокнаў (у арганізмах жывёл і чалавека), якія ўспрымаюць раздражненні з навакольнага і ўнутранага асяроддзя і ператвараюць іх у нервовыя імпульсы.

[Ад лац. recipio — успрымаю.]

рэцэпта́р, ‑а, м.

Работнік аптэкі, які прымае заказ на прыгатаванне лякарства па рэцэпту ўрача; фармацэўт.

рэцэ́птны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэцэпта. Рэцэптная кніга. Рэцэптныя бланкі.

рэцэпто́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэцэптара. Рэцэпторны апарат.

рэцэпту́ра, ‑ы, ж.

1. Сукупнасць звестак аб выпісванні і прыгатаванні лякарстваў.

2. Сукупнасць звестак аб прыгатаванні чаго‑н. Рэцэптура беларускіх народных страў.