ране́й, прысл.
1. Выш. ст. да прысл. рана 2 (у 2 знач.).
2. Да пэўнага, указанага моманту. Сонца падымалася неяк марудна, раса ападала паволі. Можа яна ў гэтую раніцу ападала б і вельмі доўга, каб Аленка не прыйшла раней тэрміну. Колас. — Дык вось і зробім лаўтра пад’ём на дзве гадзіны раней звычайнага. Брыль.
3. У мінулым, да гэтага, да нядаўняга часу. Пімен Бумажкоў раней займаўся сельскай гаспадаркай, пасля пайшоў працаваць на завод рабочым. Чорны. Як ішлі камсамольцы раней на вайну, так ты сёння ідзеш узнімаць цаліну. А. Вольскі.
4. Спачатку, найперш. Раней, чым сабе, дзед накладваў мне ежу ў алавяную місачку. Бядуля. Што пачнецца раней — наступленне ці блакада — вельмі цяжка згадаць. Брыль.
ране́йшы, ‑ая, ‑ае.
1. Выш. ст. да прым. ранні (у 1 знач.).
2. Які мае адносіны да мінулага, былога; колішні. Гэта не ранейшы час, што да бліжэйшай станцыі трэба было дабірацца па бездарожжы не менш за паўдня. Кулакоўскі. [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе .. астаткаў ранейшай флоры і фауны. Крапіва. // Такі, якім быў некалі, у мінулым, раней. Толькі кароткая завіўка замест кос як бы падменьвала ранейшую Касю нейкай другой... Васілевіч.
3. Які быў перад гэтым, папярэдні. Хадзіць гуляць да сваіх ранейшых сяброў.. [Міхасю] не хацелася. Якімовіч. Каморка, прыбраная дбала, Свой від ранейшы прыняла. Колас.
4. Той самы; такі, які і быў. Затым [Місюк] адсунуў бляшанку, падзякаваў і зноў вярнуўся да ранейшай гаворкі. Пальчэўскі. Страказа час ад часу ўзлятала, рабіла ў паветры некалькі замыславатых кругоў і зноў садзілася на ранейшае месца. Даніленка.
ране́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. раніць (у 1 знач.).
2. Тое, што і рана 1 (у 1 знач.). [Вера:] У таварыша маёра навылётнае кулявое раненне левага прадплечча. Крапіва.
ра́нены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад раніць.
2. у знач. прым. Які мае рану 1 (у 1 знач.), які атрымаў раненне. Ранены салдат. □ Праз два тыдні [Лук’янскі] павінен быў зноў узяць на раненае плячо вінтоўку. Чорны.
3. у знач. наз. ра́нены, ‑ага, м.; ра́неная, ‑ай, ж. Чалавек, які атрымаў раненне. Старэнькі хірург доўга мыў рукі і паверх акуляраў назіраў, як санітары ўкладвалі раненага на стол. Васілеўская. Урач яшчэ аперыраваў раненую. Мележ.
ра́ненька, прысл.
Вельмі рана. Раненька падымаецца Агатка, часамі раней за сваю мачыху. Колас.
ране́т, ‑у. М ‑неце, м.
1. Сорт каштоўнай паўднёвай яблыні, на якой растуць кіславатыя яблыкі. Няма раўні маім ранетам, Па дрэўцу іх садзіў штогод. Астрэйка.
2. Плод гэтай яблыні. Стомлены вяртацца будзеш летам Па дарозе той, — Асвяжыш душу сваю ранетам, Бэрай залатой. Панчанка. Паўз вокны аўтобуса адплывалі назад купчастыя сады з налітымі сокам ранетамі. Даніленка.
[Фр. rainette.]
ране́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Сорт драбнаплоднай сібірскай яблыні.
2. Плод гэтай яблыні.
ра́нец, ‑нца, м.
Паходная вайсковая або вучнёўская сумка, якую носяць на лямках за спіной. [Сцёпа] наўмысна доўга тупаў ля парога каванымі абцасамі, быццам абіваючы снег. Потым з размаху кідаў праз увесь клас на сваю парту ранец з кніжкамі. Курто. [Адась Гушка] дастае з ранца пачак газет і раскідае па акопе. Чорны.
[Ням. Ranzen.]
ранжы́р, ‑у, м.
1. Парадак людзей у страі па росту. На стрэльбішча ідзем строем, па ранжыру. Жычка. Падышоўшы да бацькавага двара, я ўгледзеў, як бы выстраеных па ранжыру, мачыху, Насцечку, Алеся і меншых хлопцаў. Сабаленка.
2. перан. Пэўны парадак у чым‑н. [Міхал:] — Усё пад службовы ранжыр выраўнена. За прапорцыямі не пазнаеш і сам сябе. Карпаў.
•••
Пад адзін ранжыр — залічыць у адну катэгорыю, паставіць у аднолькавае становішча.
Па ранжыру, пад ранжыр — у парадку значнасці, важнасці і пад.
[Ад фр. ranger — выстройвацца.]