мача́нка, ‑і, ДМ ‑чанцы, ж.
Страва з сала, мяса і каўбасы, падкалочаная мукой. Першай з гарачых закусак была падала мачанка з блінамі. Гурскі.
мача́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. мачаць (у 1 знач.).
2. Спец. Дзеянне паводле дзеясл. мачаць (у 2 знач.).
3. Тое, што і мачанка.
4. Абл. Тварог, расцёрты з малаком і смятанай, у які мачаюць бліны. [Разэля:] — Верашчаку з скваркамі будзеш есці ці мачанне белае? Гурскі.
мачато́чнік, ‑а, м.
Вывадная пратока ныркі, якая злучае нырачную лаханку з мачавым пузыром.
ма́чаха, ‑і, ДМ ‑часе і ма́чыха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.
Жонка бацькі ў адносінах да дзяцей ад папярэдняга шлюбу; няродная маці. Іна бліснула на мачаху злоснымі вачамі, але тая не заўважыла гэтага позірку, бо ўся яе ўвага была аддадзена Анатолю. Ваданосаў. Маці ў нас даўно ўжо няма, .. [бацька] гадаваў нас адзін, не пажадаўшы пасля яе смерці прывесці ў хату мачыху. Васілёнак.
мача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што ў што. Апускаць, акунаць у што‑н. вадкае або сыпкае. Марта напякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму. Брыль. Гадзінай пазней, седзячы на беразе, браты, усё яшчэ моўчкі, мачалі рукі ў ваду і прыкладалі да сінякоў і гузоў. Караткевіч. Ладымер .. мачаў цыбулю ў соль і запіваў квасам. Чорны. // што. Расходаваць што‑н. мачаннем. А раз нядзеля, дык і бліны. А раз бліны, дык і мачанка. А раз яна, мачанка, дык і мачаць яе павінны. Крапіва.
2. што. Спец. Вырабляць што‑н. апусканнем у які‑н. раствор. Мачаць запалкі.
ма́чта, ‑ы, ДМ ‑чце, ж.
1. Высокі слуп або высокае стальное збудаванне на суднах для мацавання парусоў, назірання, сігналізацыі і пад. Хоць бы дымок на гарызонце, ветразь. Хай бы саюзніцкага карабля Нам мачта паказалася здаля. Зарыцкі.
2. Вышынная канструкцыя для падвешвання электрычных правадоў, для мацавання антэн радыёстанцый, для сігналізацыі і пад. З правага боку ўзносілася ў неба вялікая пражэктарная мачта. Васілёнак. Каля лагера паднялася чатырнаццаціметровая мачта, а наверсе яе развяваўся чырвоны сцяг лагера «Дружны». Сергіевіч.
•••
Грот-мачта — сярэдняя, самая высокая мачта на судне.
[Ад гал. mast.]
ма́чтавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мачты. Мачтавы ліхтар.
2. З якога робяць мачты. Мачтавы лес. □ Пушча — гэта плямёны асілкаў-дубоў, Што сышліся на вечныя сходкі дуброў; Гэта мачтавых сосен бары-гушчары, Цёмны лог, дзе пасуцца дзікі і зубры. Куляшоў.
мачтавы́, ‑о́га, м.
Матрос, які нясе службу на мачце.
мачто́ўнік, ‑у, м.
Лес на пні, прыгодны на мачты.