маха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. чым. Рабіць узмахі, рухі ў паветры. [Чалавек] ішоў не спяшаючыся, махаў партфелем, нібы забаўляўся ім. Чарнышэвіч. Вяла махала крыллямі разамлелая галка. Адамчык. // каму чым і чым. Падаваць знак, сігнал. Параход плаўна адваліў ад прыстані. За яго кармой запенілася вада. Усё больш і больш аддаляўся бацька. Ён махаў Сашку рукою. Даніленка. З узгорка, як куля, шыбаваў Алесь, .. [Сцёпкаў] брат, і махаў шапкаю, каб Сцёпка спыніўся. Колас. // чым. Разм. Рабіць узмахі якой‑н. прыладай у час работы. Махаць сякерай. □ Гадзіннік захроп, зашыпеў і, набраўшы духу, бомкнуў адзін раз і зноў пачаў махаць маятнікам .. і стукаць: цік-так, цік-так... Брыль. Пакуль можна было касіць, махаў касою госць побач з Міканорам. Мележ.
2. чым. Трэсці чым‑н., пагражаючы каму‑н. [Бацька] з перакрыўленым тварам махаў пальцам перад .. [сынавым] носам. Карпаў. Махае на людзей кулакамі .. пан камендант. Бажко.
3. Разм. Хутка ісці, рухацца, шпарыць. — Эх ты, брат, і жук, — у сваю чаргу разгадаў яго думку Міхал і засмяяўся: — Махай дадому. Васілевіч. — Ты махай за вярбу, а я ціхенька зайду з другога боку куста. Ляўданскі.
•••
Хоць ты махалам махай — занадта многа каго‑н.
махе́р, ‑у, м.
Шэрсць ангорскай казы. // Выраб з гэтай шэрсці.
[Англ. mohair.]
махе́равы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з махеру. Махеравы шалік.
махі́зм, ‑у, м.
Рэакцыйная суб’ектыўна-ідэалістычная плынь у філасофіі і метадалогіі навукі канца 19 — пачатку 20 ст.; эмпірыякрытыцызм.
[Ад імя заснавальніка гэтай плыні Эрнста Маха.]
махі́на, ‑ы, ж.
Разм. Што‑н. вельмі вялікае, грувасткае. Непадалёку відна была цёмная махіна паравоза. Васілёнак. Каля фермы стоўпілася многа народу. Цікава паглядзець, як закінуць на вяршыню каркаса такую махіну. Дадзіёмаў.
[Ад лац. machina — машына.]
махіна́тар, ‑а, м.
Той, хто займаецца махінацыяй; махляр.
махіна́тарства, ‑а, н.
Занятак, паводзіны махінатара; махлярства, ашуканства.
махіна́цыя, ‑і, ж.
Несумленны спосаб дасягнення чаго‑н.; махлярства. Дзеда Талаша, не гледзячы на ўсё старанне і на розныя махінацыі, як напрыклад, арышт Панаса, ніяк не ўдаецца злавіць. Колас. Каб атрымаць прэмію, Галаўня пайшоў на махінацыю: падаў даведку, што дарогу закончылі раней тэрміну. Гроднеў.
[Ад лац. machinatio — хітрыкі.]
махі́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да махізму, махіста.