масажы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да масажыст.
масі́раванне 1, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. масіраваць 1; масаж.
масі́раванне 2, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. масіраваць 2 і масіравацца 2.
масі́раваны 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад масіраваць 1.
масі́раваны 2, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад масіраваць 2.
2. у знач. прым. Спец. Сканцэнтраваны, сабраны ў адно месца (пра войскі, авіяцыю, артылерыйскі агонь і пад.).
масі́равацца 1, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.
1. Рабіць сабе масаж.
2. Зал. да масіраваць 1.
масі́равацца 2, ‑руецца; зак. і незак.
Спец. Сканцэнтравацца (канцэнтравацца) у адным месцы (пра войскі, авіяцыю, артылерыйскі агонь і пад.).
масі́раваць 1, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.
Рабіць масаж. Не звяртаючы ўвагі на ўдары крылаў, [дзед] пачаў масіраваць мускулістае цела птушкі. Беразняк.
[Ад фр. masser — рабіць масаж.]
масі́раваць 2, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.
Спец. Сканцэнтраваць (канцэнтраваць) у адным месцы (войскі, авіяцыю, артылерыйскі агонь і пад.).
[Ад фр. maser.]
масіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. масіраваць 2 і масіравацца 2.
масі́ў, ‑сіву, м.
1. Горнае ўзвышша аднароднай геалагічнай будовы з плоскай вяршыняй. Горны масіў.
2. Вялікая прастора, аднародная па якіх‑н. прыметах. За густымі радамі алешын пачынаўся вялікі масіў заліўных лугоў. Кавалёў. Зялёным масівам .. [лес] наступаў на невялічкую купку сяліб. Ліс.
[Фр. massif — цяжкавагавы ад лац. massa — глыба, камяк.]
масі́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і якасць масіўнага.
масі́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які мае вялікую масу, аб’ём. Масіўны стол. Масіўнае тулава. □ Шырокія масіўныя дзверы гасцінна ўпусцілі Андрэя ва універмаг. Васілёнак. Шэрая будыніна з купалам і масіўнымі калонамі прыкметна вылучалася сярод іншых дамоў. Хомчанка.
ма́ска, ‑і, ДМ масцы; Р мн. масак; ж.
1. Накладка на твар, падобная на звярыную морду або чалавечы твар. Тэатральнай маска. Маска зайца. // Накладка на верхнюю частку твару з прарэзамі для вачэй, якую надзяваюць для таго, каб не быць пазнаным. Карнавальная маска. // Чалавек у маскарадным касцюме і такой накладцы. Душа твая — малюнак артыстычны: Пад лютняў звон прыгожых масак рой Танцуе там, адзеўшыся нязвычна, У надзеі скрыць праз гэта смутак свой. Багдановіч.
2. перан. Прытворства, якое скрывае сутнасць каго‑, чаго‑н. Мужчыны стараліся стрымаць свае пачуцці і роблена прыкрываліся маскай абыякавасці і лёгкай іроніі. Васілевіч. Сваё замяшанне [Зелянюк] досыць удала хаваў пад маскай вясёлага бадзёрага ажыўлення. Зарэцкі.
3. Адліўка з гіпсу, знятая з твару нябожчыка. // Скульптура твару чалавека або галавы жывёлы. Пад выпуклым барэльефам белай мармуровай маскі — старадаўняга акцёрскага сімвала — было высечана: Антон Максімавіч Саковіч. Рамановіч.
4. Спец. Засцерагальнае прыстасаванне, якое надзяваюць на твар. Супрацьгазавая маска. Маска для падводнага плавання. // Накладка спецыяльнага прызначэння на твар. Перад .. [Надзяй] стаяў урач у дзіўнай масцы і незвычайным фартуху. Карпюк.
5. У касметыцы — слой накладзенага на твар лекавага саставу, крэму і пад.
•••
Зняць (скінуць) маску гл. зняць.
Надзяваць (насіць) маску гл. надзяваць.
Сарваць маску гл. сарваць.
[Фр. masque ад араб. mashara — насмешка.]