Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

майстрава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.

1. Разм. Прыстройвацца, прыладжвацца. Хлопчык прайшоў з цацкамі ў сталовую, там ён завёў аўтамабіль і пусціў, а потым стаў майстравацца, каб сесці на каня. Гурскі.

2. Зал. да майстраваць.

майстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.

Рабіць, вырабляць што‑н., звычайна ручным спосабам. Дзед Банэдык сядзеў пад кустом і майстраваў граблі. Чарнышэвіч. Будаўнікі канчалі крыць дахі баракаў і майстравалі сталы і драўляныя ложкі. Броўка.

майстравы́, ‑ога, м.

Уст. Рабочы, рамеснік. З усіх вагонаў пайшлі: мужчыны .. з чамаданамі, партфелямі, дзеці, сяляне ў лапцях, армяках, майстравыя з інструментамі. Галавач.

майстро́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Які належыць майстру. Майстроўскія прылады.

майстры́ха, ‑і, ДМ ‑расе, ж.

1. Кваліфікаваная работніца, якая займаецца якім‑н. рамяством. Праз велізарныя вокны цырульняў відно было, як нудзяцца без работы майстрыхі. Мехаў.

2. на што і з інф. Разм. Умелая, спрытная да чаго‑н. жанчына. [Жанчына:] «Хочаце, усіх рукавіцамі забяспечу, вязаць жа я майстрыха». «Звязда».

майстэ́рня, ‑і, ж.

1. Прадпрыемства па рамонту або вырабу чаго‑н., а таксама памяшканне такога прадпрыемства. Зранку пасля праверкі Лазар ішоў пад канвоем у турэмную шавецкую майстэрню шыць і рамантаваць абутак. Колас. Нездарма пані Пшысецкая прапанавала .. [Насі] пайсці швачкай у яе майстэрню. Васілевіч.

2. звычайна мн. (майстэ́рні, ‑яў). Прамысловае прадпрыемства, якое займаецца галоўным чынам рамонтнымі работамі. Рамонтныя чыгуначныя майстэрні. □ Выступаць перад людзьмі .. [Сяргей] навучыўся ў арміі, робячы палітінфармацыю ў артылерыйскіх майстэрнях, дзе ён быў між майстроў маладзейшы за ўсіх. Грамовіч.

3. Аддзел цэха ці завода. Інструментальная майстэрня.

4. Памяшканне для работы мастака, скульптара.

майстэ́рскі,

1. ‑ая, ‑ае. Уласцівы сапраўднаму майстру (у 3 знач.); вельмі добра, дасканала выкананы. Купалаўскія пераклады .. вызначаюцца высокай культурай, майстэрскай перадачай мастацкага каларыту твораў буйнейшых прадстаўнікоў літаратур суседніх славянскіх народаў. Гіст. бел. сав. літ.

2. прысл. Як належыць майстру, узорна. І лірыку і сатыру Купала майстэрскі сплаўляе ў адно арганічнае мастацкае цэлае. Ярош.

майстэ́рства, ‑а, н.

1. Прафесіянальны занятак; рамяство. Цяпер сотні кваліфікаваных рабочых будавалі новы горад на Дзвіне, вучылі моладзь майстэрству, вытрымцы і настойлівасці. Грахоўскі.

2. Вялікае ўменне, мастацтва ў якой‑н. галіне. [Жан:] — Мне вядома ваша майстэрства рабіць дакументы.. Даводзілася бачыць вашу работу. Выдатная, нічога не скажаш. Новікаў.

ма́йткі, ‑так; адз. няма.

Абл. Штаны, нагавіцы. Янка борздзенька нацягнуў майткі і верхнюю кашулю, хадакі ўзяў у руку і спусціўся на ток. Колас.

ма́йя 1, ‑і, ж.

Тонкая лёгкая баваўняная тканіна.

ма́йя 2, нескл., мн.

1. Агульная назва групы роднасных індзейскіх плямён, якія стварылі адну з старажытных высокіх цывілізацый Амерыкі на тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Мексікі, Гандураса і Гватэмалы.

2. Індзейскі народ, які жыве ў сучасны момант у Мексіцы.