Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мазану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

Тое, што і мазнуць.

ма́заны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад мазаць (у 1 і 2 знач.).

2. у знач. прым. Брудны, запэцканы.

3. у знач. прым. Глінабітны. К вечару паабапал замігцелі ў кучаравых вішнёвых садках белыя мазаныя хаты. Б. Стральцоў.

•••

Адным мірам мазаны — пра людзей з аднолькавымі адмоўнымі ўласцівасцямі.

ма́зацца, мажуся, мажашся, мажацца; незак.

1. Мазаць сябе чым‑н. тлустым або вадкім; націрацца. Мазацца крэмам. // Разм. Фарбавацца, грыміравацца.

2. Разм. Рабіцца брудным, пэцкацца. Калі ўзяў [Сідар] вугаль у пальцы, убачыў, што ён зусім ужо абцёрся, пальцы ў сажу не мажуцца. Галавач. // Пэцкаць пры дотыку (аб прадметах). Фарба надта мажацца.

3. Зал. да мазаць (у 1, 2 знач.).

ма́заць, мажу, мажаш, мажа; заг. маж; незак.

1. што. Пакрываць тонкім слоем чаго‑н. тлустага або вадкага. Мачыха, спазніўшыся снедаць з усімі, мазала пшанічныя блінцы маслам і запівала іх параным малаком. Васілевіч. // Змазваць. Сяляне круцяцца туды і сюды з торбачкамі ў руках, пояць коней, мажуць калёсы. Бядуля. Усе хлопцы ўзяліся за апошняе, што было неабходным перад паходам — чысціць і мазаць зброю. Кулакоўскі. // Абмазваць для ўцяплення. Мазаць хату глінай.

2. што. Разм. Рабіць брудным, пэцкаць, пляміць. Мазаць стол чарнілам. □ Парадку дзеці не трымалі, І іх ніколі не сціскалі.. Так, Юзік пальцам поркаў страву І верашчакай мазаў лаву. Колас. // Пэцкаць пры дотыку (аб прадметах). Фарба мажа рукі.

3. што і без дап. Разм. Няўмела, непрыгожа маляваць або пісаць. Закарузлыя, крывыя пальцы, папаленыя ў кузні, лягчэй малатком па жалезу б’юць, [чым] пяром па паперы мажуць. Бядуля.

4. Разм. Рабіць промахі (у гульні, стрэльбе і пад.). Мы гулялі [у мяч] без ранейшага імпэту, неяк вяла, часта «мазалі». Васілёнак.

5. перан. Разм. Даваць хабар. [Грышка Верас:] — Эх мілы мой ты! за панамі Няма прадыху. Хто з грашамі І мажа збоку, — той і едзе, Так вось і робіцца, суседзе. Колас.

мазгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.

Разм. Думаць, узважваць, меркаваць. [Платон], відаць, ужо не раз мазгаваў пра тое, каб стаць непадзельным уладаром млына. Ракітны.

мазгаві́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Разумны, кемлівы, разважлівы. Мазгавіты хлопец [Віктар], з любога становішча знойдзе выхад. Васілёнак.

мазгавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да мозга (у 1 знач.), мозгу (у 4 знач.). Мазгавая абалонка. Мазгавы прыдатак.

мазгаўня́, ‑і, ж.

Разм. груб. Галава. І хрысціць кулак мазгаўню цвердалобую. Крапіва.

ма́зевы, ‑ая, ‑ае.

Які зроблены, прыгатаваны з мазі, з маззю. Мазевыя тампоны.

мазепадо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны на мазь. Мазепадобны стан вадкасці.