магазі́н, ‑а, м.
1. Прадпрыемства рознічнага гандлю; крама. Прадуктовы магазін. Прамтаварны магазін. □ — А гэта вось дом стаіць, — кажа.. [Люся]. — Вялікі-вялікі! І магазін, дзе прадаецца хлеб. Брыль.
2. Спец. Прыстасаванне ў апараце або прыборы ў выглядзе каробкі або трубкі, куды закладваецца некалькі аднародных прадметаў (напрыклад, патронаў у аўтамат). Як толькі пачало цямнець, я засунуў пісталеты ў кішэню, паклаў туды ж запасныя магазіны з патронамі і пайшоў на ўмоўленыя кватэры. Карпюк. // Запасное месца ў вуллі для мёду на выпадак багатага медазбору. // Дапаможная прылада для электратэхнічных вымярэнняў.
3. Рэзервуар у лямпе, куды наліваюць газу. Моўчкі наліла [Галіна] ў магазін газы, падраўняла нажнічкамі кнот, запаліла яго і павесіла лямпу ў куце над сталом. Галавач.
4. Уст. Будынак, у якім захоўвалася грамадскае збожжа. Праходзячы міма вёсачкі, сябры ціхенька падкраліся да магазіна, дзе хавалася збожжа, і прыбілі на сценах некалькі лістовак і брашур. Колас.
[Фр. magazin, іт. magazzino ад араб. mahāzin — склады.]
магазі́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да магазіна. Магазінная шыльда. // Які прадаецца або купляецца ў магазіне. Магазіннае масла.
2. Спец. Які мае адносіны да магазіна (у 2 знач.). Магазіннае ружжо. Магазінныя рамкі вулля.
•••
Магазінная каробка гл. каробка.
магазі́ншчык, ‑а, м.
Разм. Прадавец у магазіне.
магазі́ншчыца, ‑ы, ж.
Разм. Жан. да магазіншчык.
магазы́н, ‑а, м.
Уст. Тое, што і магазін (у 3, 4 знач.).
магамета́нін, ‑а, м.
Той, хто вызнае магаметанства; мусульманін.
магамета́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Жан. да магаметанін.
магамета́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да магаметанства, да магаметаніна; мусульманскі. Магаметанская мячэць.
магамета́нства, ‑а, н.
Рэлігія, заснаваная, паводле арабскіх паданняў, у 7 ст. н. э. прарокам Магаметам у Аравіі; мусульманства, іслам.
мага́р, ‑у, м.
Аднагадовая кармавая расліна сямейства злакаў; род проса.