ліхале́цце, ‑я, н.
Час вялікай нягоды; гора; ліха, няшчасце ў такія часы. Ваеннае ліхалецце. □ Разбураныя ліхалеццем, Зноў падняліся гарады. Гаўрук. Партызанам атрада Ларывончыка не ўпершыню даводзілася прымаць людзей, ратаваць іх ад ліхалецця. Сабаленка. [Беларускі] народ пранёс праз усе цяжкія выпрабаванні і ліхалецце чужаземнага ўціску кнігу — самы дарагі скарб свайго жыцця. С. Александровіч. [Купала:] Дзякуй, мае дарагія, .. і за першы дзень нашай сустрэчы, і за многа-многа дзён, якія мы [беларусы і узбекі] прайшлі разам — і ў цёмнае ліхалецце, і ў гэтыя ясныя дні. Вітка.
ліхама́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Хваравіты стан, які суправаджаецца гарачкай і дрыготкай. Прастудная ліхаманка.
2. Разм. Малярыя, трасца. — Прыходзіла цётка Рамэ, — сказаў Хоці. — Яна гаварыла, што ў цябе ліхаманка і табе трэба хіна... Арабей.
3. перан. Узбуджаны, трывожны стан; празмерна паспешлівая, гарачкавая дзейнасць. Біржавая ліхаманка. □ Ніхто нічога не ведаў,.. і кардон калаціла ліхаманка трывогі і жаху. Караткевіч.
•••
Балотная ліхаманка — тое, што і малярыя.
Жоўтая ліхаманка — вострая заразная хвароба, якая распаўсюджана ў трапічных краінах.
Крапіўная ліхаманка (уст.) — тое, што і крапіўніца.
ліхама́нкавасць, ‑і, ж.
Уласцівасць ліхаманкавага (у 2 знач.). Ліхаманкавасць рухаў.
ліхама́нкавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які бывае пры ліхаманцы (у 1 знач.). Ліхаманкавы стан. Ліхаманкавая дрыготка. // Звязаны з ліхаманкай. Ліхаманкавае захворванне.
2. перан. Які выяўляе нервовае ўзбуджэнне, вельмі усхваляваны. Сэрца ў хлопчыка прыемна ные, вочы гараць ліхаманкавым агнём нецярплівасці. Гамолка. // Празмерна паспешлівы, гарачкавы. Ліхаманкавая дзейнасць захапіла абодва камітэты. Мурашка. Пачуўшы гудкі, людзі.., спяшаючыся, апраналіся і, ахопленыя ліхаманкавай дрыготкай, ціснуліся да аконных шыб, каб зірнуць, што робіцца на вуліцы. Галавач.
лі́хасць 1, ‑і, ж.
Ліхое здарэнне; нягода, няшчасце. З якой прыемнасцю мокрыя, змораныя людзі размясціліся ў сухой пячоры! Здавалася, што яны адразу забыліся на голад і на холад, і на ўсе іншыя ліхасці. Маўр.
лі́хасць 2, ‑і, ж.
Уласцівасць ліхога 2. Бяздумная ліхасць нікому не была патрэбна, і ў нас былі строгія законы на гэта. Карпюк.
ліха́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ліхача. Ліхацкая язда.
ліха́цтва, ‑а, н.
Неадабр. Нястрымная смеласць, для якой характэрна безразважнасць. Ліхацтва да добрага не давядзе.
ліха́ч, ‑а, м.
1. Неадабр. Вадзіцель машыны, які з-за самахвальства грэбуе правіламі бяспекі язды. Шафёр [цяпер] вёў машыну з асцярожнасцю вучня: куды знік той ліхач, які ляцеў па лясной дарозе з хуткасцю ветру. Шамякін.
2. Уст. Фурман экіпажа, запрэжанага добрым жвавым канём, а таксама экіпаж з такім канём. Я пагнаў сані пад самы флігель, адгарнуў футравую папаху. Так рабілі тыя ліхачы, што аднаго разу прывозілі паноў у нашу карчму. Асіпенка.
ліхвя́р, ‑а, м.
У буржуазным грамадстве — той, хто бярэ вельмі высокія, недазволеныя законам працэнты за пазычаныя грошы.
ліхвя́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да ліхвяр.