Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

літаграфава́цца, ‑фуецца; незак.

Зал. да літаграфаваць.

літаграфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; зак. і незак., што.

Надрукаваць (друкаваць) літаграфскім спосабам.

літаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да літаграфіі. // Зроблены пры дапамозе літаграфавання. Літаграфічны партрэт.

літагра́фія, ‑і, ж.

1. Спосаб друкавання з плоскай паверхні каменя, на якой зроблены малюнак.

2. Малюнак, зроблены такім спосабам. Вера ўзняла галаву — у руках старой была маляўнічая літаграфія, якая выклікала такую бурную спрэчку паміж ёю і братам. Мікуліч.

3. Прадпрыемства або цэх, дзе друкуюць такім спосабам.

[Ад грэч. lithos — камень і graphō — пішу.]

літагра́фскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да літаграфіі, прызначаны для яе. Літаграфскі спосаб друкавання. Літаграфскі станок. Літаграфскі камень.

літало́гія, ‑і, ж.

Аддзел геалогіі, які вывучае асадкавыя пароды.

літа́нне, ‑я, н.

1. Малітва ў католікаў, у якой звяртаюцца да бога або святых з просьбай аб заступніцтве. Ксёндз стаяў над пасцеллю хворай, гатовы да літанняў, да малітвы. Сабаленка.

2. перан. Разм. Доўгае манатоннае пералічванне чаго‑н. — Каб вам здароўечка ўсюды служыла, каб вашы ручкі-ножкі... — пачаў літанне Архіп. Пестрак. // Галашэнне. У той, дзень на станцыі было многа плачу, слёз, жаночых літанняў. Навуменка.

лі́тара, ‑ы, ж.

1. Пісьмовы знак азбукі, які звычайна абазначае пэўны гук мовы. Літара «в». □ Андрэйка прыхіліўся да стала, цяжка сапе і выводзіць буйныя, нязграбныя літары. Бядуля.

2. У друкарскім наборы — металічны брусок, пераважна з рэльефнай выявай такога, ці іншага друкаванага знака.

•••

Вялікая літара — загаловачная літара, якая адрозніваецца ад малой сваёй велічынёй, а іншы раз і напісаннем.

Літара ў літару — вельмі дакладна, літаральна (паўтараць, пераказваць і пад.).

літара́левы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да літаралі; які расце, жыве на літаралі. Літаралевая зона. Літаралевая флора.

літара́ль, ‑і, ж.

Спец. Прыбярэжная паласа марскога дна, якая агаляецца ў час адліву.

[Лац. litoralis — берагавы.]