Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дэпарта́менцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дэпартамента. Дэпартаменцкі чыноўнік.

дэпарта́цыя, ‑і, ж.

Прымусовае выдварэнне непажаданай асобы за межы дзяржавы.

[Лац. deportatio — вываз.]

дэпе́ша, ‑ы, ж.

1. Спешнае данясенне (дыпламатычнае, ваеннае і пад.). Паслаць кур’ера з дэпешай. □ А ў Токіо пойдзе дэпеша з тэкстам зашыфраваным. Дудар.

2. Уст. Тэлеграма.

[Фр. dépêche.]

дэпігмента́цыя, ‑і, ж.

Страта скурай нармальнай афарбоўкі, абумоўленая знікненнем пігменту.

дэпо́, нескл., н.

1. Спецыяльна прыстасаванае месца, будынак для стаянкі і рамонту лакаматываў, вагонаў і інш. Тралейбуснае дэпо. □ Тут [у чыгуначным пасёлку] сыходзіліся дзве чыгункі, было дэпо, розныя майстэрні. Лынькоў. Рамонт робіцца вядома як: вагон адчапляюць ад састава і накіроўваюць у дэпо. Васілёнак.

2. Уст. Склад.

•••

Пажарнае дэпо — будынак для пажарных машын.

[Фр. dépôt.]

дэпо́вец, ‑поўца, м.

Разм. Рабочы дэпо. І колькі вунь гэтых вагонаў, цэлы пасёлак — жывуць у іх дэпоўцы. Лынькоў.

дэпо́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дэпо (у 1 знач.). Дэпоўскі рабочы. □ Гул матораў цяжкі, абрывісты, поўніў усё паветра, аж звінелі шыбы дэпоўскіх акон. Лынькоў.

дэпрэсі́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дэпрэсіі. Дэпрэсіўны стан арганізма. Дэпрэсіўныя з’явы ў капіталістычнай эканоміцы.

дэпрэ́сія, ‑і, ж.

1. Заняпад, застой гаспадаркі ў капіталістычнай краіне. Эканамічная дэпрэсія.

2. Хваравіта прыгнечаны душэўны стан чалавека.

[Ад лац. depressio — прыгнечанне.]

дэпута́т, ‑а, М ‑таце, м.

1. Выбарны прадстаўнік, член выбарнай дзяржаўнай установы. Дэпутат Вярхоўнага Савета. Дэпутат сельсавета.

2. Выбраная або прызначаная асоба, упаўнаважаная выконваць якое‑н. даручэнне. Сцяпана выбралі дэпутатам і адправілі яго да настаўніка. Колас.

[Лац. deputatus.]