Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

та́ктыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Майстэрства падрыхтоўкі і вядзення бою; спосабы і прыёмы вядзення бою. Тактыка марскога бою. Тактыка актыўнай абароны. □ Мы рассыпаліся па ўсіх правілах хто франтавой, хто партызанскай тактыкі і пайшлі акружаць тое месца. Брыль. Усе дні блакады атрад Баразны трымаўся адной тактыкі: хадзіў следам за ворагам. Васілеўская. // Навука аб тэорыі і практыцы вядзення бою. Курс тактыкі.

2. Сродкі і прыёмы грамадскай і палітычнай барацьбы. Камітэт .. змяніў тактыку — загадаў гурткам рабіць сходы ў адзін дзень па ўсім павеце. Пестрак.

3. перан. Прыёмы і сродкі дасягнення якой‑н. мэты; спосаб дзеяння, лінія паводзін каго‑н. Мая Любаміраўна, убачыўшы, што .. [муж] пачынае гневацца не на жарт, адразу змяніла тактыку: ласкава абняла, пацалавала. Шамякін. Маладзіца, каб не сказаць чаго лішняга, раптам мяняе тактыку. — Такому старому, як вы [дзед Талаш], не варта глядзець на мае вочы. Колас.

[Грэч. taktike.]

такты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць тактычнага. Госці звычайна таўкуцца некаторы час, не спяшаюцца, каб захаваць тактычнасць. Колас.

такты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тактыкі (у 1 знач.). Тактычная задача. □ [Прыборны:] — Тактыка няправільная... Тактычная памылка. Нельга падрыўнікоў пасылаць адных. Іх трэба прыкрываць, абараняць... Шамякін. [Перагуд:] Днём ён [Караневіч] быў на тактычных занятках у першым батальёне. Крапіва. // Які звязаны з правядзеннем бою. Тактычная разведка.

2. Які мае адносіны да тактыкі (у 2 знач.). Тактычныя рознагалоссі.

такы́р, ‑у, м.

Роўная гліністая прастора ў пустынях і паўпустынях Сярэдняй Азіі.

[Цюрк. такыр — роўны, голы.]

такы́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да такыру, з’яўляецца такырам. Такырныя землі. Такырная раўніна.

так-ся́к, прысл.

Разм.

1. Нейкім чынам; з пэўнымі намаганнямі. Калёсы так-сяк сабралі, крывыя, скрыпучыя, аднабокія, а хамутоў няма. Ермаловіч. Хто так-сяк трымаўся на нагах, кінуліся куды каторы. Лынькоў.

2. у знач. вык. Абы-як; без асаблівага жадання. На работу так-сяк, а на ежу мастак. Прыказка.

та́к-такі, часціца.

Разм.

1. супраціўная. Аднак, усё-такі, усё ж. Імкнулася скончыць работу ў тэрмін, так-такі і не скончылі. □ [Шура:] — Скінуў немцам два паравозы. — Так-такі два? Навуменка.

2. сцвярджальная. На самай справе, сапраўды. Задума так-такі і засталася задумай.

талака́, ‑і, ДМ ‑лацэ, ж.

Разм.

1. Калектыўная дапамога пры выкананні сельскагаспадарчых работ. У беларускіх вёсках была пашырана форма ўзаемадапамогі, якую .. называлі талакой. «Полымя».

2. зб.; перан. Група людзей. З клуба студэнты таксама выходзілі разам. Яны ішлі ўпоперак усёй вуліцы талакой і пелі знаёмую студэнцкую песню. Навуменка. [Уласюк:] — Мы збіраем і згуртоўваем вакол нашай заўтрашняй газеты свядомых беларусаў, лепшыя сілы народа. Вось я і вас запрашаю да нашай талакі. Колас. / Пра насякомых. Над зялёнаю лукою Ходзяць мухі талакою... Чорны.

талакно́, ‑а, н.

Мука з ачышчанага пражанага аўса. // Страва з такой мукі. [Тарас Тарасавіч] стаў надта набожны. Пасціў сам і нас прымушаў есці параны з соллю боб і талакно. Асіпенка.

талакня́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Вечназялёная паўзучая расліна сямейства верасовых з бела-ружовымі кветкамі і чырвонымі ягадамі.