Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тат,

гл. таты.

та́та, ‑ы, м.

Разм. Тое, што і бацька (у 1 знач.). Хлопчык яшчэ зусім няшмат разумеў у тым, хто такія паны і чаму яго тата не хацеў іх пусціць сюды, у Заходнюю Беларусь. Брыль. Мне так шкада стала свайго дому, мамы і таты, братоў і сясцёр! Колас.

тата́канне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. татакаць.

тата́каць, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і татахкаць. Прыглушана татакалі колы, потым звягліва зарыпелі тармазы — цягнік спыняўся. Савіцкі.

таталіза́тар, ‑а, м.

1. Механічны лічыльнік на скачках, які паказвае грашовыя стаўкі на таго ці іншага каня, а таксама бюро, якое прымае стаўкі і аддае выйгрыш.

2. Гульня на грошы на скачках.

[Фр. totalisateur.]

таталіта́рнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць таталітарнага.

таталіта́рны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. З адкрыта тэрарыстычнай дыктатурай буржуазіі; фашысцкі. Таталітарны рэжым. Таталітарная дзяржава.

[Фр. totalitaire з лац.]

таталітары́зм, ‑у, м.

Кніжн.

1. Адна з форм аўтарытарнай буржуазнай дзяржавы, якая характарызуецца яе поўным кантролем над усімі сферамі жыцця грамадства; таталітарны рэжым.

2. Напрамак буржуазнай палітычнай думкі, які апраўдвае антыдэмакратычную сістэму палітычнага кіравання і выступае за дыктатуру асобы.

тата́льнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць татальнага.

тата́льны, ‑ая, ‑ае.

Усеабдымны, усеагульны. Татальная мабілізацыя.

[Фр. total.]