та́ра, ‑ы, ж.
1. Тое, у чым захоўваецца або перавозіцца тавар (мяшкі, бочкі, скрынкі і пад.); упакоўка. Шкляная тара. □ У кузні звінела сталь, час ад часу каля нафтабазы бразгатала тара для гаручага. Паслядовіч. Горы пустой тары ляжалі ля свірна воддаль ад завода. Чарнышэвіч.
2. Спец. Вага ўпакоўкі. // Вага машыны, вагона, у якіх перавозіцца тавар.
[Іт. tara з араб.]
тараба́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
Разм.
1. Моцна стукаць, утвараючы шум, грукат. Там, дзе былі сабакі,.. [хлопчык] замаруджваў хаду і, каб раззлаваць іх, тарабаніў палкай па штакецінах. Гамолка.
2. што. Несці што‑н. цяжкае, вялікае, грузнае. Азірнуўся — зямляк-аднакашнік Алесь Садовіч. Ідзе — калыхаецца, чамадан з распёртымі бакамі тарабаніць, а цераз плячо накідка звешваецца. Колас. А пасля .. [Антону] карцела схадзіць на рынак — і ён тарабаніў па вуліцы скрынкі і зэдлікі. Ракітны.
тараба́рскі, ‑ая, ‑ае.
1. Уст. Тайнапісны, крыптаграфічны. Тарабарскае пісьмо.
2. перан. Незразумелы з-за складанасці вырашэння. Тарабарская мова. // Пазбаўлены сэнсу, бязглузды.
тараба́ршчына, ‑ы, ж.
Разм. Што‑н. сказанае або напісанае ўскладнена, няясна; твор, выказванне, пазбаўленыя глыбокага сэнсу. [Буднік:] — Мне .. [Ягупла] не падабаецца і не падабаюцца ягоныя вершы. Сухія яны задужа і крыклівыя. Тарабаршчына, а не паэзія. Галавач. // Агульнае незразумелае гаварэнне, гоман. Злітным грамавым гудам вісела над Сілцамі кірмашовая тарабаршчына. Гартны.
тараба́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
Разм. Займацца пустымі размовамі, балбатаць. Брыгадзір нешта вельмі доўга абціраў ногі, потым тарабарыў з гаспадыняй і з Галяй. Навуменка.
тарака́н, ‑а, м.
Насякомае чорнай або рыжай афарбоўкі з доўгімі вусамі, некаторыя віды якога водзяцца ў жыллі чалавека. З паўгадзіны ў хаце было так ціха, што чуваць было, як бзынкалі мухі, як шамацелі тараканы за печчу. Гартны.
тарака́навы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да таракана. // Такі, як у таракана (звычайна пра вусы).
2. у знач. наз. тарака́навыя, ‑ых. Атрад насякомых, да якога адносяцца розныя віды тараканаў.
тарака́нчык, ‑а, м.
Разм. Памянш. да таракан; маленькае насякомае.
таракаскапі́я, ‑і, ж.
Спец. Метад агляду плеўральнай поласці пры дапамозе аптычнага прыбора, які ўводзяць праз пракол грудной сценкі.
[Ад грэч. thórakos — грудзі і ...скапія.]
тарала́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Абл. Утвараць шум пры дапамозе сукала і пад. Бабы датыкаюць апошнія кросны, набіліцы стукаюць — чутно на вуліцы, як таралакаюць сукалы. Каваль.