таджы́кі, ‑аў; адз. таджык, ‑а, м.; таджычка, ‑і, ДМ ‑чцы; мн. таджычкі, ‑чак; ж.
Народ, які складае асноўнае насельніцтва Таджыкскай ССР.
таджы́кскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да таджыкаў, які належыць, уласцівы ім. Таджыкская мова. Таджыкская культура.
тады́, прысл.
1. У той час, у той момант у мінулым або будучым; не цяпер. Малая, шчупленькая, дзіця яшчэ была тады Волька. Калюга. Горад і тады нагадваў разварушаны, падпалены мура[ш]нік. Новікаў. // Пасля таго (што адбылося або адбудзецца). [Засмужац] завёў каня ў хлеў, у зацішку рассядлаў, падкінуў яму сена і тады ўвайшоў у хату. Мележ.
2. Пры пэўных умовах, абставінах. [Селянін] перадаў партызанам 17 вінтовак .. і некалькі тысяч патронаў. І тады толькі пакінуў сваю хату і сям’ю. Брыль.
3. Ужываецца як суадноснае слова ў галоўным сказе пры даданым часу са злучнікам «калі». Сапраўдная дружба пачынаецца тады, калі людзі як мае быць ведаюць адзін аднаго. Чорны. // Ужываецца як суадноснае слова ў галоўным сказе пры даданым рэальнай умовы са злучнікам «калі». Нават калі скінуць гадоў пятнаццаць з плячэй дзеда Талаша, то і тады ён быў ужо немалады. Колас.
4. у знач. злучн. Выкарыстоўваецца ў спалучэнні са злучнікам «як» у даданых часавых супастаўляльных сказах у значэнні: у той час як, нягледзячы на тое што. Клубчасты, кучаравы хвост дыму ўсё падаўжаўся і шырыўся і, здавалася, нерухома застыў у марозным паветры, тады як галава яго ўсё выцягвалася як бы са свайго ўласнага цела. Колас.
тады́шні, ‑яя, ‑яе.
Разм. Які існаваў задоўга да цяперашняга часу, тагачасны; той. [Дзед:] — Тадышнія ж машыны былі не тое, што цяперашнія. І царская нарабіла такога смуроду, што хоць ты нос затыкай. Сабаленка. Слава пра яе [гаспадаркі] поспехі разнеслася была на ўсю тадышнюю акругу. Лобан.
тады́-сяды́, прысл.
Час ад часу, калі-нікалі, іншы раз. Высока ў сінім небе тады-сяды курлыкалі журавы — першыя выраі пакідалі ўжо родны абжыты кут. Машара. Да вайны Аляксандр служыў у Гатчыне, у кавалерыйскім палку, і тады-сяды палучаў ад бацькі кароткія пісьмы. Грахоўскі.