Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

та́і, ‑яў.

Група народаў, якія жывуць у Паўднёвым Кітаі, краінах Індакітая, паўднёва-ўсходняй Індыі і гавораць на тайскіх мовах.

та́інства, ‑а, н.

1. Тое, што і тайна. Таінства прыгажосці. □ Пасвяціў мяне ў грыбное таінства Коля Шпакоўскі, хлопец гадоў дваццаці, высокі, тонкі, як маладая таполя. Навуменка.

2. Рэлігійны абрад, які па царкоўнаму веравучэнню мае цудадзейную сілу. Таінства споведзі. □ Перш за ўсё ў католікаў і праваслаўных па-рознаму адпраўляюцца так званыя «таінствы». Залескі. / у перан. ужыв. У сэрцы яго, апрача кахання, з’явілася нейкая асабліва глыбокая павага да Сашы: яна прысутнічала пры святым таінстве — нараджэння чалавека. Шамякін.

таі́цца, таюся, тоішся, тоіцца; незак.

1. Скрываць што‑н. ад іншых, не расказваючы, не выказваючы што‑н.; праяўляць скрытнасць. За час свайго замужжа Ганна прывыкла таіцца, хаваць у душы і пакутны боль, і тугу, і надзеі. Мележ. Вера кінула таіцца перад Надзяй сваёй службай, расказвала ёй аб парадках у камендатуры. Лынькоў. З нашага дзесятага класа болей ніхто не быў закаханы, і мы з трывогай глядзелі на гэтых двух [Славу і Вераніку], якія так упарта таіліся адзін ад другога. Навуменка. І от пасля першай гэтай гаворкі.., у якой, што тут таіцца, была пэўная доза с[е]нтыментальнасці, сяброўкі пачалі набываць кожная свой звыклы выгляд. Чорны.

2. Хавацца, скрывацца. [Бацька] таіўся да гэтага часу, цураўся сваёй сям’і... Дамашэвіч. За кожнай кудлатай елкай, магчыма, тоіцца вораг. Жычка.

3. Існаваць у скрытым выглядзе; не праяўляцца яўна. На гэтых прасторах вады, пад цёмнаю навіссю панурых лясоў таяцца грозныя замыслы паўстаўшага сялянства. Колас. І не ведаў ніхто, што ў вачах гэтых бура тоіцца, Што ўвесь ён [Саша] напоен нянавісцю спаленых сёл. Панчанка.

таі́ць, таю, тоіш, тоіць; незак., каго-што.

1. Трымаць што‑н. у тайне, скрываць ад іншых. [Саша:] — Марыя Сяргееўна! Вы нічога не таіце ад мяне. Я ўсё хачу ведаць. Шамякін. Сурова і гнеўна выступалі суддзі... Яны абвінавачвалі Варатніцкага не толькі ў тым, што быў паліцэйскім, але і ў тым, што таіў сваё мінулае, хлусіў. Дадзіёмаў. // Захоўваць у сабе, у сваёй душы, не паказваючы перад другімі, хаваючы ад другіх (пачуцці, думкі). І раптам .. [Астаповіч] пачаў бачыць, што ўсё тое, што ён толькі для самога сябе таіў у душы, вядома ўсім. Чорны. Макараў .. скінуў парашут і, тоячы незвычайнае хваляванне і радасць, цвёрдым крокам падышоў да Кудлача, збіраючыся выпрасіць яшчэ адзін палёт. Алешка.

2. Мець, заключаць у сабе што‑н. знешне непрыкметнае, яшчэ не выяўленае. [Дзед Талаш] востра ўглядаецца ў далечы маўклівых балот. Яны тояць штось невядомае, вострае і цікавае. Колас. Ніводнаму, нават самаму магутнаму розуму не ўдалося яшчэ дасюль разгадаць, колькі нявыкрытых дзіў і магчымасцей тоіць у сабе наша зямля. Лужанін. І колькі яшчэ тоіць .. [Урал] у сабе нязведанага! Шынклер.

•••

Няма чаго граху таіць; што (чаго) грэх таіць — нечага скрываць, трэба прызнацца.