таўкатня́, ‑і, ж.
Разм.
1. Хаатычны рух, цісканіна ў натоўпе. А сёння субота, недзе там, у РДК, — танцы, таўкатня падлеткаў каля ўвахода, шыпенне пласцінкі ў рупар. Адамчык. А мне ля касы ў зале вузенькай, Дзе сумятня і таўкатня, Аматары класічнай музыкі Бакі камячылі паўдня. Макаль.
2. Хатнія клопаты; мітусня, сумятня. Волечка займалася дробнай хатняй таўкатнёй. Чорны.
таўка́ч, ‑а, м.
1. Прылада ў выглядзе качалкі з патоўшчаным круглым канцом, якой таўкуць што‑н. Маладзіцы стаялі адна насупраць другой з таўкачамі і заложна таўклі куццю. Колас.
2. перан. Разм. зневаж. Пра някемлівага чалавека. — Ён жа табе кветкі носіць, гэты лысы таўкач, — чуўся сярдзіты хлапечы голас. Навуменка.
•••
Ні млён ні таўкач гл. млён.
таўкачава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. зневаж. Падобны на таўкач (у 1 знач.). Таўкачаватая рыжая маладзіца, што прыйшла ў вёску замуж з калісьці багатага хутара, расказвае: — Урбанок хацеў нашу Малю ўзяць. Брыль.
таўка́чыкі, ‑аў; адз. няма.
Абл. Хвошч. Варвара Бярозка перапыніла Насцю: — Мы самі галоўкі канюшыны ды таўкачыкі збіраем. Асіпенка.
таўку́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Бойкае месца, дзе прадаюць рэчы з рук. Недалёка ад таўкучкі стаялі сялянскія падводы з саломай і дрывамі, кадушкамі і венікамі, гліняным посудам і кідкамі сена. Гурскі.
таўрава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад таўраваць.
2. у знач. прым. З таўром.
таўрава́цца, ‑руецца; незак.
Зал. да таўраваць.
таўрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.
Ставіць, выпальваць таўро. Таўраваць жывёлу.
таўро́, ‑а, н.
1. Кляймо на скуры ці па рагах сельскагаспадарчых жывёл як распазнавальны знак. Паставіць таўро.
2. Прылада для клеймавання жывёлы.