Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тайга́, ‑і, ДМ тайзе, ж.

Хвойныя лясы поўначы ўмеранага пояса Еўразіі і Паўночнай Амерыкі, якія складаюцца з елкі, піхты, лістоўніцы, сасны, а таксама невялікай колькасці ліставых народ. Нахмураная тайга абступіла з абодвух бакоў чыгуначную лінію. Васілевіч.

[Якуцкае.]

тайго́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і таежны.

тайко́м, прысл.

Непрыкметна, цішком, употай. [Пятро] дастаў кавалачак хлеба, які захапіў тайком у сталоўцы ў час снедання, адкусіў і доўга трымаў у роце, смакуючы салёна-салодкую мякаць. Шамякін. І па табе начамі маці плача, Зашыўшыся ў куток глухі тайком. Астрэйка.

тайм, ‑а, м.

У спартыўных гульнях з мячом (футбол, хакей і пад.) — перыяд часу, у які ідзе гульня. Першы тайм футбольнага матча.

[Ад англ. time — час.]

тайме́нь, ‑я, м.

Рыба сямейства ласасёвых, якая жыве ў рэках Сібіры.

та́ймер, ‑а, м.

Прыбор, які пасля сканчэння зададзенага прамежку часу аўтаматычна ўключае (выключае) машыну, апарат, устройства вытворчага ці бытавога прызначэння або сігналізуе аб наступленні моманту іх уключэння (выключэння).

[Англ. timer.]

тайм-а́ўт, ‑а, М ‑аўце, м.

У спартыўных гульнях (баскетболе і пад.) — прадугледжаны правіламі перапынак у гульні па просьбе каманды або яе трэнера.

[Англ. time out.]

та́йна 1, ‑ы, ж.

1. Тое, што хаваецца, адрываецца ад іншых, што вядома не ўсім; сакрэт. Ваенная тайна. Тайна перапіскі. □ І раптам .. [Вера] поўнасцю зразумела, што Ніна не хоча раскрываць тайны, не давярае ёй, і слёзы крыўды бліснулі на вачах. Мікуліч. Усе свае дзеянні піянеры вырашылі трымаць да часу ў тайне ад дарослых. Курто.

2. Тое, што яшчэ не пазнана, неразгадана; скрытая ўнутраная сутнасць з’явы, прадмета. Тайны будовы матэрыі. Тайны палярнага ззяння. □ Перад чалавекам стаяць яшчэ мільёны неразгаданых тайн прыроды, жыцця і смерці. Лынькоў. Выгнаць тайны акіяна — Вось імкненне іх [вучоных] і план. А. Александровіч. // Тое, чым чалавек яшчэ не авалодаў. Кожную вольную хвіліну [Аляксандра Іванаўна Клімава] выкарыстоўвае для таго, каб глыбей пранікнуць у тайны драматычнага мастацтва. «Маладосць». Люба спазнала тайну граматы. Чытаць — гэта было таксама вялікай асалодай. Кудраўцаў.

та́йна 2, прысл.

Скрытна ад іншых. Пакідаю я тайна пад час развітання Разам з сэрцам жывыя надзеі свае... Бачыла. Слёзы людскія, слёзы людскія!.. Тайна ліліся, адкрыта ліліся. Падалі долу гарачым дажджом. Колас.

та́йнапіс, ‑у, м.

Умоўнае тайнае пісьмо; крыптаграфія. Чытанне тайнапісу.

тайнапі́сны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да тайнапісу; які з’яўляецца тайнапісам. Тайнапіснае паведамленне.