таі́цца, таюся, тоішся, тоіцца; незак.
1. Скрываць што‑н. ад іншых, не расказваючы, не выказваючы што‑н.; праяўляць скрытнасць. За час свайго замужжа Ганна прывыкла таіцца, хаваць у душы і пакутны боль, і тугу, і надзеі. Мележ. Вера кінула таіцца перад Надзяй сваёй службай, расказвала ёй аб парадках у камендатуры. Лынькоў. З нашага дзесятага класа болей ніхто не быў закаханы, і мы з трывогай глядзелі на гэтых двух [Славу і Вераніку], якія так упарта таіліся адзін ад другога. Навуменка. І от пасля першай гэтай гаворкі.., у якой, што тут таіцца, была пэўная доза с[е]нтыментальнасці, сяброўкі пачалі набываць кожная свой звыклы выгляд. Чорны.
2. Хавацца, скрывацца. [Бацька] таіўся да гэтага часу, цураўся сваёй сям’і... Дамашэвіч. За кожнай кудлатай елкай, магчыма, тоіцца вораг. Жычка.
3. Існаваць у скрытым выглядзе; не праяўляцца яўна. На гэтых прасторах вады, пад цёмнаю навіссю панурых лясоў таяцца грозныя замыслы паўстаўшага сялянства. Колас. І не ведаў ніхто, што ў вачах гэтых бура тоіцца, Што ўвесь ён [Саша] напоен нянавісцю спаленых сёл. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)