талака́, ‑і, ДМ ‑лацэ, ж.
Разм.
1. Калектыўная дапамога пры выкананні сельскагаспадарчых работ. У беларускіх вёсках была пашырана форма ўзаемадапамогі, якую .. называлі талакой. «Полымя».
2. зб.; перан. Група людзей. З клуба студэнты таксама выходзілі разам. Яны ішлі ўпоперак усёй вуліцы талакой і пелі знаёмую студэнцкую песню. Навуменка. [Уласюк:] — Мы збіраем і згуртоўваем вакол нашай заўтрашняй газеты свядомых беларусаў, лепшыя сілы народа. Вось я і вас запрашаю да нашай талакі. Колас. / Пра насякомых. Над зялёнаю лукою Ходзяць мухі талакою... Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)