Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэ́дзька, ‑і, ДМ рэдзьцы; ж.

1. Агародная караняплодная расліна сямейства крыжакветных.

2. зб. Караняплоды гэтай расліны з гаркаватым вострым смакам і пахам.

3. Асобны плод гэтай расліны.

•••

Як горкая рэдзька — вельмі, надта (надакучыць, абрыднуць).

рэ́дзькавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэдзькі. Рэдзькавае лісце.

рэдка...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «рэдкі», «рэдка», напрыклад: рэдказубы, рэдканаселены.

рэдкавало́сы, ‑ая, ‑ае.

З рэдкімі валасамі.

рэдказу́бы, ‑ая, ‑ае.

З рэдкімі зубамі. Рэдказубы рот. □ Падышоў калгасны аграном Кардзянкоў, рэдказубы, з аблупленым носам, у жоўтым, як бронза, саламяным капелюшы. Дуброўскі.

рэдказяме́льны, ‑ая, ‑ае.

У выразе: рэдказямельныя элементы гл. элемент.

рэдкале́гія, ‑і, ж.

Рэдакцыйная калегія ў якім‑н. выдавецтве, газеце і пад.

рэдкале́ссе, ‑я, н.

Рэдкі лес. Свяцілася рэдкалессе паабапал дарогі — рэшткі колішняга вялікага бору. М. Стральцоў. Ледзь не штораніцы ходзіць [Міця] у лес — восень грыбная, грыбоў, блукаючы па верасах і рэдкалессі, назбірвае поўную каробку-лубянку, але яны не прыносяць былой радасці. Навуменка.

рэдканасе́лены, ‑ая, ‑ае.

З малою колькасцю насельніцтва. Рэдканаселеная мясцовасць.

рэдкасло́йны, ‑ая, ‑ае.

Са слаямі, якія рэдка чаргуюцца. Рэдкаслойнае дрэва.