Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

неахо́пны, ‑ая, ‑ае.

Неабсяжны, неабдымны, бязмежны. Каля самага бярэзніку стаіць селянін. Ён выглядае шэрай кропкай на фоне неахопнага поля жытняй руні. Бядуля.

неацэ́нны, ‑ая, ‑ае.

Надзвычай важны. Неацэнны набытак. Неацэнная дапамога. □ Валі здавалася, што галоўнае цяпер — выратаваць маёмасць друкарні: неацэнны шрыфт, вярстаткі, валікі. Карпаў.

неашча́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць неашчаднага.

неашча́дны, ‑ая, ‑ае.

Які не вызначаецца ашчаднасцю; неэканомны. Неашчадная гаспадыня. □ — Калі я буду такі неашчадны, як цяпер, то праз які тыдзень сам буду шукаць рубля. Сачанка.

не́ба, ‑а; мн. нябёсы, нябёс і нябёсаў; н.

1. Атмасфера, якая відна з зямлі — прастора ў форме купала, скляпення. Туман растаў, угары завіднелася шэрае, з сінімі прагалінамі, неба. Мележ. Нягорача свеціць сонца і далёка відаць спакойная сінь далёкіх нябёс. Скрыган. // толькі адз. Сусветная прастора, якая акружае зямлю. Карта горкага неба.

2. Па рэлігійных уяўленнях — месца, прастора, дзе знаходзяцца бог, анёлы, святыя і пад. // Боскія, вышэйшыя сілы. Хай бараніць цябе неба! Маўр.

•••

Аж небу горача (стане, будзе і пад.) гл. горача.

Вісець паміж небам і зямлёй гл. вісець.

Зоркі з неба хапаць гл. хапаць.

Капціць неба гл. капціць.

Манна з неба не сыплецца гл. манна.

Быць на сёмым (дзевятым) небе гл. быць.

Неба з аўчынку здалося — пра стан вельмі вялікага страху.

Пад адкрытым небам — не ў памяшканні, на вольным паветры.

Папасці (трапіць) пальцам у неба гл. папасці.

Узнесці (усхваліць) да неба гл. узнесці.

Як гром з яснага неба гл. гром.

Як з неба зваліўся гл. зваліцца ​1.

Як неба ад зямлі — вельмі моцна, рэзка (адрознівацца і пад.).

Як неба і зямля — нічога падобнага, поўная процілегласць.

небага́та,

1. Прысл. да небагаты.

2. Мала, у невялікай колькасці. Ісці засталося небагата, якіх кіламетраў з восем. Лынькоў. Горад толькі прачынаўся. Людзей на вуліцах было небагата. Машара.

небага́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае вялікай маёмасці, вялікіх матэрыяльных сродкаў. Небагатая гаспадарка.

2. Недарагі; скромны. Альшэўскі спакаваў у чамадан небагатыя падарункі, пайшоў на вакзал. Навуменка.

3. перан. Абмежаваны, недастатковы. «Рэпертуар».. [Тамаша] быў небагаты: два маршы, тры полькі, кадрыль і вялікі цыкл вясельных песень. Бядуля. Левін доўга крывіўся, упёршыся блізарукімі вачыма ў паперку, на якой было напісана небагатае меню. Карпюк.

небажа́ты, ‑жат; адз. няма.

Абл. Пляменнікі, унукі (звычайна ў дзіцячым узросце). — Ну, небажаты, будзем снедаць — У людзей садзяцца ўжо абедаць.. Гаворыць дзядзька, сам сядае І стол абрусам засцілае. Колас.

небакра́й, ‑ю, м.

Тое, што і небасхіл. Чорная хмара сунецца памаленьку, ахінае небакрай на захадзе, за ракою. Грамовіч. Сонца выпаўзла на небакрай, і кроплі дажджу заблішчалі ў яго промнях вясёлкавымі водсветамі. Савіцкі.

небара́к, ‑а, м.

Разм. Тое, што і небарака (пра мужчыну).