мануме́нт, ‑а, М ‑нце, м.
1. Архітэктурнае або скульптурнае збудаванне ў гонар якой‑н. выдатнай падзеі, асобы; помнік. Аўтобус прыпыніўся на Круглай плошчы насупроць манумента-помніка героям Айчыннай вайны. Паслядовіч. // Велічны помнік над магілай.
2. перан. Што‑н. велічнае, створанае чалавекам, якое застаецца як памяць аб ім. А яго [Леніна] найлепшы твор, Найлепшы манумент — СССР. Бядуля.
[Лац. monumentum ад moneo — напамінаю.]
манументалі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Скульптар, які стварае манументы.
манумента́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць манументальнага; велічнасць. Гатычная архітэктура сабора робіць моцнае ўражанне сваёй манументальнасцю, смеласцю формы. Мележ.
манумента́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўражвае сваёй магутнасцю; велічны, грандыёзны. На нашых вачах з руін узнімаюцца манументальныя дамы, праспекты і вуліцы мяняюць напрамкі. Лобан. Грандыёзны ансамбль увенчаны манументальнай 13‑метровай фігурай савецкага воіна-вызваліцеля. «Маладосць». // перан. Вялікі, рослы, мажны (пра чалавека). Устаў з свайго месца манументальны Пацяроб і ўладна супакоіў публіку. Зарэцкі.
2. перан. Грунтоўны, глыбокі па зместу. Манументальная проза.
3. Выражаны ў грандыёзных формах. Манументальнае мастацтва. Манументальны жывапіс. □ У сваіх манументальных роспісах і пано мастак [Шагал] не адмаўляецца ад улюбёнай звычкі паказваць людзей у рэальным становішчы. Шматаў.
[Ад лац. monumentalis.]
мануме́нтны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да манумента, манументаў, звязаны з вырабам манументаў. Манументная майстэрня.
манускры́пт, ‑а, М ‑пце, м.
Старажытны рукапіс. У бібліятэцы захоўваецца 26000 манускрыптаў, некаторыя з іх напісаны 600 год назад. «Звязда».
[Ад лац. manus — рука і scribere — пішу.]
мануфакту́ра, ‑ы, ж.
1. Першапачатковая форма капіталістычнай вытворчасці, характэрным для якой з’яўляецца надзел працы і ручная тэхніка.
2. Уст. Фабрыка, пераважна тэкстыльная. Перад вачамі паўставалі карціны мінулага — цяжкае жыццё ткачоў у дарэвалюцыйныя гады. Знясільваючая 14‑гадзінная праца рабочых і работніц на Марозаўскай мануфактуры. «Полымя».
3. зб. Тканіны. Замест сельскагаспадарчай [прадукцыі] грузілася на фурманкі прадукцыя прамысловая: жалеза, шкло, мануфактура. Дубоўка.
[Лац. manufactura ад manus — рука і factura — выраб.]
мануфакту́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які грунтуецца на мануфактуры (у 1 знач.). Мануфактурная вытворчасць.
2. Звязаны з вытворчасцю і продажам мануфактуры (у 3 знач.). Мануфактурная фабрыка. □ — Зоська, га, Зоська! — раптам пачулася ў яе над вухам, калі яна абходзіла другі раз [рынак] між мануфактурных крам. Гартны.
мануфакту́ршчык, ‑а, м.
Прадавец мануфактуры (у 3 знач.).
мануфактуры́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Уст.
1. Уладальнік мануфактуры (у 2 знач.).
2. Тое, што і мануфактуршчык.