ліпу́чы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і ліпкі. Ліпучыя пясчанікі, запоўненыя дзе чорнай, дзе карычневай, а дзе шэрай вадкасцю, усё не канчаліся. М. Ткачоў. Вясна была ў самым разгары. Танклявыя таполькі выкінулі ліпучыя пупышкі. Лукша. Жаночыя размовы ліпучыя — слова за слова, навіна за навіною. Скрыган.
лі́ра 1, ‑ы, ж.
1. Старажытнагрэчаскі струнны шчыпковы музычны інструмент. // перан. Паэт. Ужываецца як сімвал паэзіі, паэтычнай творчасці. Славу спяваеш ты роднаму краю, Сэрца прыносячы дар, Звонкая ліра твая не сціхае, Наш, беларускі пясняр. Русак.
2. Даўнейшы народны беларускі струнны музычны інструмент з клавішамі і корбай.
[Грэч. lyra.]
лі́ра 2, ‑ы, ж.
Грашовая адзінка ў Італіі і Турцыі.
[Іт. lira.]
лірападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які нагадвае па форме ліру 1 (у 1 знач.). На фоне залацістай палянкі вырысаваўся лірападобны хвост, мігнулі шызыя падкрыллі. Гамолка.
лірахво́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Птушка атрада вераб’іных з бура-шэрым апярэннем і лірападобным хвастом.
лірахво́сты, ‑ая, ‑ае.
Які мае хвост, падобны на ліру 1 (у 1 знач.). На бярозу ўзляцеў чорны лірахвосты цецярук. Ігнаценка.
лі́ра-эпі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які спалучае элементы лірыкі і эпасу (пра літаратурны твор). Ліра-эпічная паэма.
лі́рнік, ‑а, м.
Гіст. Вандроўны беларускі музыка-пясняр, які акампаніруе сабе на ліры 1 (у 2 знач.). Пры самай сцяне прытуліўся лірнік. .. Ён круціць корбу ліры і спявае. Вітка.
лі́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ліры 1. Пачуліся гукі лірных струн. Караткевіч.
ліры́зм, ‑у, м.
1. Элементы эмацыянальнасці, паэтычнай усхваляванасці, сардэчнасці ў творах мастацтва. Апавяданні Змітрака Бядулі .. маюць тую асаблівасць, што ў трагічных малюнкам моцна гучыць тон мяккага, спакойнага лірызму. Каваленка. Паэма П. Труса «Дзесяты падмурак» і выклікае цікавасць перш за ўсё сілай свайго лірызму ў апяванні рэвалюцыі. Гіст. бел. сав. літ.
2. Разм. Лірычны настрой.
лі́рык, ‑а, м.
Аўтар лірычных літаратурных твораў; лірычны паэт. Маякоўскі — найвялікшы лірык сацыялістычнай эпохі. Перкін.