Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

культу́ра, ‑ы, ж.

1. толькі адз. Сукупнасць дасягненняў грамадства ў вытворчым, грамадскім і культурным жыцці. Матэрыяльная культура. Духоўная культура. Агульначалавечая культура. Гісторыя культуры.

2. Узровень такіх дасягненняў у пэўную эпоху ў якога‑н. народа або класа. Сацыялістычная культура. Культура Старажытнага Рыма. // Спец. Агульнасць археалагічных помнікаў пэўнай эпохі ў развіцці першабытнага грамадства. Культура штрыхаванай керамікі.

3. толькі адз. Ступень, ўзровень развіцця якой‑н. асобнай галіны гаспадарчай, духоўнай або разумовай дзейнасці. Культура мовы. Культура земляробства. Культура вытворчасці. // Сукупнасць умоў, неабходных для жыцця адукаванага чалавека. Культура быту.

4. толькі адз. Адукаванасць, культурнасць, выхаванасць. Чалавек высокай культуры.

5. толькі адз. Развядзенне, вырошчванне якой‑н. расліны; культываванне. Культура бульбы. Культура пшаніцы. // Апрацоўка. Культура глебы.

6. Расліна, якая разводзіцца, вырошчваецца. Кармавыя культуры. Тэхнічныя культуры.

7. Мікраарганізмы (бактэрыі, дрожджы, некаторыя грыбы), вырашчаныя ў пажыўным асяроддзі. Культура стрэптакокаў.

•••

Фізічная культура — усебаковае ўдасканаленне і ўмацаванне чалавечага цела шляхам фізічных практыкаванняў, захоўвання правільнага рэжыму.

[Лац. cultura.]

культу́рнасць, ‑і, ж.

Узровень, ступень культуры (у 4 знач.). Аб культурнасці жыхароў інтэрната сведчыць добры густ у аздабленні сцен. «Беларусь».

культурна-...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «культурны», напрыклад: культурна-гаспадарчы, культурна-масавы.

культу́рна-асве́тны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з пашырэннем культуры, асветы. Культурна-асветныя ўстановы. Культурна-асветная работа.

культу́рна-бытавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да культуры быту. Культурна-бытавое абслугоўванне. Культурна-бытавое будаўніцтва.

культу́рна-ма́савы, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з абслугоўваннем культурных патрэбнасцей мас. Культурна-масавыя мерапрыемствы. Культурна-масавая работа.

культу́рнік, ‑а, м.

Прыхільнік культурніцтва.

культу́рніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да культурніцтва, уласцівы яму. Культурніцкія погляды. Культурніцкія патрабаванні.

культу́рніцтва, ‑а, н.

Напрамак сярод буржуазнай інтэлігенцыі ў дарэвалюцыйнай Расіі, прыхільнікі якога падмянялі сапраўдную барацьбу за інтарэсы народа толькі асветніцкай дзейнасцю.

культу́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да культуры (у 1, 2 і 3 знач.). Культурныя сувязі паміж народамі. Культурны ўзровень насельніцтва.

2. Які стаіць на высокім узроўні культуры. Культурнае асяроддзе. Культурная гаспадарка. // Які мае пэўныя навыкі паводзін у грамадстве. Культурны чалавек. Культурны чытач.

3. Тое, што і культурна-асветны. Весці культурную работу.

4. Які разводзіцца, вырошчваецца (пра расліны); проціл. дзікі, дзікарослы. Культурныя ягады. Культурныя віды злакавых раслін. // Які апрацоўваецца (пра глебу, зямлю). Культурны луг.

•••

Культурны слой зямлі гл. слой.