нешанцава́нне, ‑я, н.
Пастаянныя няўдачы, збег неспрыяльных акалічнасцей. Ні з кім яшчэ не быў такі шчыры Пятро, як са сваімі людзьмі. Усё расказаў пра сваё нешанцаванне. Ракітны.
нешляхе́тны, ‑ая, ‑ае.
Уст. Не дваранскага паходжання.
нешматлі́касць, ‑і, ж.
Уласцівасць нешматлікага. Нешматлікасць прыкладаў.
нешматлі́кі, ‑ая, ‑ае.
Які складаецца з невялікай колькасці каго‑, чаго‑н. Гарнізон немцы паставілі там нядаўна, быў ён нешматлікі, і партызаны пасля трохгадзіннага бою занялі Рудню. Шахавец. // толькі мн. Якія ёсць у невялікай колькасці. З усёю адданасцю заўзятага настаўніка пачаў Лабановіч заняткі са сваімі нешматлікімі вучнямі. Колас. Нешматлікімі агнямі свяціўся .. [горад]. Мікуліч.
нешматсло́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць нешматслоўнага.
нешматсло́ўны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і немнагаслоўны. Заява слесара-водаправодчыка на імя кіраўніка восьмага домакіраўніцтва была нешматслоўная. Пальчэўскі. [Іван] быў стрыманы і дакладны, прытым нешматслоўны субяседнік. В. Вольскі.
не́шта 1, нечага, нечаму, нешта, нечым, аб нечым, займ. неазначальны.
1. Невядома, незразумела што. Дзядзя Косця сядзеў за сталом і нешта пісаў. Шчарбатаў. Мікола нешта сканфужана прамармытаў і, прыгнуўшыся, пайшоў з пакоя. Даніленка. // Што‑н. неакрэсленае, пакуль што няяснае; штосьці. Дзедаваму цярпенню прыходзіў канец — трэба кудысьці ісці, трэба нешта рабіць. Колас. Лукаша як быццам нешта затрымлівала. Кавалёў.
2. звычайна ў Н і В. Нейкі прадмет, з’ява, пачуццё і пад. Нешта паставіў [бацька] на стол, зняў пінжак, потым зачэрпнуў конаўкай вады з вядра, выпіў. Кандрусевіч. У далечыні сіняваты лес, вада і неба зліваюцца ў нешта адно. Ермаловіч. / Тое ж з азначэннем. На забалочанай сенажаці з’явілася з туману нешта цёмнае, жывое і набліжаецца да лесу. В. Вольскі. Нешта казачнае бачу я ў багатых колерах неба... Бядуля.
не́шта 2, прысл.
1. Чагосьці, чамусьці, невядома чаму. Нешта нездаровіцца. □ Неўзабаве мы бачылі, як двое селі на воз і нешта вельмі высока сядзелі на ім. Чорны. [Максім:] — Ды нешта ты, Сяргей, раптам загаварыў, як па-пісанаму. Машара.
2. (у спалучэнні з прыназ.). Прыблізна. Штодня нешта пад восем гадзін па нашу брыгаду ў Лазюкі прыязджаў грузавік. Вышынскі. Ужо асушана нешта каля пяцісот гектараў, а экскаватарчыкі нястомна ўсё ідуць, усё чэрпаюць глыбінныя пласты палескай зямлі. Пестрак.
не́штачка, займ. неазначальны (ужываецца толькі ў Н і В).
Разм. Тое, што і нешта 1 (у 2 знач.). — Вось я вам, хлопцы, нештачка дам. Брыль.
нешчаслі́вец, ‑ліўца, м.
Разм. Нешчаслівы чалавек; няўдачнік. Раней.. у рэкруты ішлі таксама толькі нешчасліўцы — па жараб’ёўцы, ды і то пяць чалавек з тысячы душ. Якімовіч.