нешта 1, нечага, нечаму, нешта, нечым, аб нечым, займ. неазначальны.
1. Невядома, незразумела што. Дзядзя Косця сядзеў за сталом і нешта пісаў. Шчарбатаў. Мікола нешта сканфужана прамармытаў і, прыгнуўшыся, пайшоў з пакоя. Даніленка. // Што‑н. неакрэсленае, пакуль што няяснае; штосьці. Дзедаваму цярпенню прыходзіў канец — трэба кудысьці ісці, трэба нешта рабіць. Колас. Лукаша як быццам нешта затрымлівала. Кавалёў.
2. звычайна ў Н і В. Нейкі прадмет, з’ява, пачуццё і пад. Нешта паставіў [бацька] на стол, зняў пінжак, потым зачэрпнуў конаўкай вады з вядра, выпіў. Кандрусевіч. У далечыні сіняваты лес, вада і неба зліваюцца ў нешта адно. Ермаловіч. / Тое ж з азначэннем. На забалочанай сенажаці з’явілася з туману нешта цёмнае, жывое і набліжаецца да лесу. В. Вольскі. Нешта казачнае бачу я ў багатых колерах неба... Бядуля.
нешта 2, прысл.
1. Чагосьці, чамусьці, невядома чаму. Нешта нездаровіцца. ▪ Неўзабаве мы бачылі, як двое селі на воз і нешта вельмі высока сядзелі на ім. Чорны. [Максім:] — Ды нешта ты, Сяргей, раптам загаварыў, як па-пісанаму. Машара.
2. (у спалучэнні з прыназ.). Прыблізна. Штодня нешта пад восем гадзін па нашу брыгаду ў Лазюкі прыязджаў грузавік. Вышынскі. Ужо асушана нешта каля пяцісот гектараў, а экскаватарчыкі нястомна ўсё ідуць, усё чэрпаюць глыбінныя пласты палескай зямлі. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)