Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ма́ятнік, ‑а, м.

1. Металічны пруток або ланцуг з цяжарам на канцы, які мерна вагаецца з боку ў бок у падвешаным стане. Мерна цікаў насценны гадзіннік, і яго маятнік, як дыск месяца, цьмяна пабліскваў, паволі раскачваючыся за мутным шклом. Лынькоў. Нечакана прывычнае, манатоннае пагойдванне маятніка спынілася: відаць, гіра апусцілася на ўсю даўжыню ланцужка. Даніленка.

2. Колца кішэннага і ручнога гадзінніка, якое рэгулюе яго ход.

ма́ятнікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае маятнік. Маятнікавы гадзіннік. // Пабудаваны па прынцыпу руху маятніка. Маятнікавыя прыборы.

маятнікападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны на маятнік, на яго рух.

мая́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да маяка. Маячная вежа.

мая́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

Выступаць на фоне чаго‑н., узвышацца над наваколлем. Засталася ззаду шырокая балотная даліна, на якой, як вокам глянуць, усё маячылі стагі і стагі. Пестрак. А небаскроб перада мной — Стаіць пад месяцам, маячыць, Чапляе хмары ў вышыні. Броўка.

мо́хавы, ‑ая, ‑ае і махавы́ 2, а́я, ‑о́е.

Які мае адносіны да моху; састаўной часткай якога з’яўляецца мох. Грыбны ўгар нядоўгі. Тыдзень-другі, ад сілы тры, і баравікі паступова пачынаюць знікаць. І толькі заўзятыя грыбнікі ўсё яшчэ працягваюць таптаць у барах мяккі мохавы дыван. Ігнаценка. Маладняк і махавое покрыва выгараць у яловым лесе гэтак жа, як і ў сасновым. Гавеман. // Які зарос мохам. Зялёнай кругловінай называўся невялічкі грудок на мохавым балоце, зарослы маладым дубняком і арэшнікам. Паслядовіч.