машы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Памянш. да машына (у 1 знач.). Швейная машынка.
2. Невялікая прылада для якой‑н. работы. Машынка для набівання папярос. □ У школе ёсць машынка. На школьным двары ў часе перапынку стрыжэ настаўнік сваіх маленькіх вучняў. Колас. // Разм. Тое, што і пішучая машынка. У прыемнай кабінета дробненька стукала машынка. Кулакоўскі.
•••
Пішучая машынка — механізм з клавішамі-літарамі для ручнога друкавання тэксту.
машынна-...
Першая частка састаўных назваў, якая паказвае адносіны да машыны, машын, напрыклад: машынна-меліярацыйны, машынна-дарожны, машынна-трактарны.
машы́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да машыны, машын (у 1 знач.). Машынны цэх. Машынны парк. □ Мілагучныя жніўныя песні ўпляталіся ў рокат, у гул машынных матораў. Бялевіч. // Які вырабляецца, робіцца, праводзіцца машынай. Машыннае даенне кароў. Машыннае вязанне. // Прызначаны для машын. Машыннае масла. Машыннае аддзяленне. Машынны склад.
•••
Машынны час гл. час.
машэ́ннік, ‑а, м.
Несумленны чалавек, ашуканец, падманшчык. [Пісар:] — Не, брат Андрэй, гора таму, хто разумее жыццё навыварат і паддаецца на вудачку розных палітычных машэннікаў. Колас.
машэ́нніцкі, ‑ая, ‑ае.
Уласцівы машэнніку. Машэнніцкі ўчынак.
машэ́нства, ‑а, н.
Несумленны ўчынак, жульніцтва, ашуканства, махлярства. І калі на справу паглядзець сур’ёзна, то тут і машэнства няма ніякага. Колас.
маэ́стра, нескл., м.
1. Ганаровая назва выдатнага кампазітара, музыканта або іншай творчай асобы.
2. Званне, якое прысвойваецца за мяжой выдатным шахматыстам. // Асоба, якая носіць гэта званне.
[Іт. maestro — настаўнік, майстар.]
маю́скулы, ‑аў; адз. маюскул, ‑а, м.
Спец. Вялікія друкарскія літары, звычайна ў грэчаскай і лацінскай пісьменнасці; проціл. мінускулы.
[Ад лац. majusculus — некалькі большы.]