машкара́, ‑ы, ж., зб.
Мошкі. Спакон веку тут была дрыгва і ў чэзлым альшэўніку шумеў чарот ды кішэла машкара. Гроднеў.
машна́, ‑ы, ж.
1. Уст. Мяшочак для грошай, скураны капшук.
2. перан. Разм. Грошы, багацце.
машо́к, ‑шку, м.
Памянш. да мох. Дзед Хрушч прылёг на зялёны машок у цяньку і зараз жа моцна заснуў. Колас.
машо́начны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да машонкі (у 2 знач.). Машоначная грыжа.
машо́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Уст. Тое, што і машна.
2. Скурна-мышачны мяшочак, у якім знаходзяцца мужчынскія палавыя залозы.
машта́б, ‑у, м.
1. Велічыня, якая паказвае, у колькі разоў адлегласць на чарцяжы (плане, карце) менш або больш адлегласці ў натуры. Вася выказваў радасць, што яго работай зацікавіўся Коля, і зрабіў падрабязнае апісанне ўсіх частак ветра-рухавіка, прыклаўшы да апісання нават чарцяжы — з маштабамі, лічбамі. Якімовіч.
2. перан. Размах, значэнне. [Санкоўскі] быў важак маштабу калі не завода, то цэха на заводзе. Пестрак. [Буйскі] вяртаецца назад, у нямецкі тыл, разведчыкам буйнога маштабу, разведчыкам з надзвычайнымі заданнямі. Шамякін.
машта́бнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць маштабнага (у 2 знач.). Паэты імкнуцца да маштабнасці, да ахопу сусветнай арэны падзей. Перкін.
машта́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да маштабу (у 1 знач.). Маштабная лінейка.
2. перан. Вялікага размаху, ахопу, значэння. Маштабныя планы. Маштабнае мысленне. □ Вядома, і сатырычны вобраз павінен быць маштабным, а не легкаважным ці проста па-фельетоннаму дасціпным. Кучар.
машта́к, ‑а, м.
Невялікі моцны конь; інаходзец.
[Ад цюрк. mäštäk — маленькі.]
машчэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. масціць.