Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разбіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да разабраць.

2. што і чаго. Разм. Выбіраць, адбіраць, уважліва разглядаючы, углядаючыся. Не разбіраючы сцежкі,.. пабеглі.. [людзі] цераз балота да лесу. Чорны.

3. Разм. Тое, што і разбірацца (у 3 знач.). [Сцяпан:] — Маўчы, баба!.. Ты, каханенькая, родненькая, нічога не разбіраеш. Валасы доўгія, а розум кароткі. Купала. — Дурніца яшчэ [Зоська]: не разбірае нічога... Павер, — няйначай к табе вернецца, — пачакай адно... Гартны. — Эх вы, смаркачы. Нічога вы не разбіраеце. Вам толькі табліцу грызці: два ў два — чатыры. Пташнікаў.

разбі́тасць, ‑і, ж.

Вялікая стомленасць, расслабленасць. Страшэнна балела галава, ва ўсім целе адчувалася вяласць, разбітасць. Лынькоў.

разбі́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць разбітнога. Але от жа як увосень Людка пайшла ў першы клас, быццам дзіця хто падмяніў: дзе дзяваліся яе рэзвасць, разбітнасць! Сабаленка.

разбітны́, ‑ая, ‑ое.

Разм. Лоўкі, праворны, бойкі. — Разбітны .. [Алег] хлопец. Я не паспею пра што-небудзь падумаць, а ён яго ўжо робіць. Ермаловіч. Больш разбітых і здольных любіў .. [Лабановіч] той любасцю, якая можа быць толькі ў настаўніка да сваіх выхаванцаў. Колас. Чыгунок бянтэжыцца зноў. Як ні кажы, які б ён ні быў разбітны, а ўсё ж урачысты, хвалюючы момант у хлопца!.. Брыль.

разбі́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разбіць.

2. у знач. прым. Расколаны на кускі або з адбітым краем. Разбітыя дзверы заставілі шафаю. Чорны. Праз два разбітыя акны і адкрытым насцеж дзверы гуляў вецер. Лынькоў. // перан. Разбураны, загублены. Разбітае жыццё. Разбітыя мары. □ Надзеі! Цяжка жыць з разбітымі надзеямі... Галавач.

3. у знач. прым. Пашкоджаны ўдарам. Трымаючыся за разбітую шчаку і распухлы нос, бокам высунуўся Слімак. Лынькоў.

4. у знач. прым. Які пацярпеў паражэнне, пераможаны. У гэты час рэшткі разбітых часцей ворага сапраўды каціліся назад па шляху, што ляжаў кіламетраў за тры ад вёскі. Якімовіч.

5. у знач. прым. Знясілены, змучаны. Часам ноччу змораная, фізічна разбітая, .. [Таццяна] незаўважна засынала каля калыскі. Шамякін. Была трэцяя гадзіна ночы, калі Мікалай, стомлены і разбіты, дабраўся на кватэру. Дамашэвіч.

6. у знач. прым. Сапсаваны, пашкоджаны яздой, носкай і пад. [Іван] у сваіх картовых штанах, старых, разбітых чаравіках выглядае няўклюдным і вахлакаватым. Кудравец. Тут жа, выштурханая на бераг мноствам бурных прыбояў, парахнее, петрае на сонцы разбітая лодка. Брыль. І вось .. [Данік] імчыць па разбітай лясной дарозе... Краўчанка. // Надтрэснуты, расстроены (пра голас, музычны інструмент). — Каго Вам трэба? — голас быў жаласлівы, разбіты. Бядуля.

•••

Разбітае (старое) карыта гл. карыта.

разбі́ўка, ‑і, ДМ ‑біўцы; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. разбіваць — разбіць (у 1, 3, 7–10 знач.).

2. Спец. Планіроўка на мясцовасці якога‑н. збудавання. Разбіўка новай вуліцы. Разбіўка ўмацаванняў.

разбі́цца, разаб’юся, разаб’ешся, разаб’ецца; разаб’ёмся, разаб’яцеся; заг. разбіся; зак.

1. Распасціся на часткі, трэснуць, раскалоцца ад удару (удараў). Разбіцца на друз. □ У акне зазвінела шыбы, разбіліся. Галавач. Не даехаўшы да мэты, лятучка на поўным хаду звалілася пад адхон і ўшчэнт разбілася. Краўчанка. // перан. Разбурыцца, расстроіцца. Разбілася жыццё. □ У той страшны дзень.. разбіліся ўсе мае жыццёвыя планы. «Маладосць».

2. Пашкодзіць, разбіць сабе да крыві частку цела пры ўдары, падзенні або забіцца насмерць. Нельга было гнаць, як ні хацелася. Коні маглі кінуцца і разбіцца аб бярвенн[е] агароджы. Караткевіч. Урэшце [людзі] знайшлі некалькі выступаў і палезлі ўверх, рызыкуючы кожны момант паляцець уніз і разбіцца насмерць. Маўр.

3. Раздзяліцца на часткі, групы. Хлопцы разбіліся на пары, распрануліся і прыступілі да работы. Пальчэўскі. Усе разбіліся купкамі, гаманілі, жартавалі, абменьваліся думкамі. Дуброўскі.

4. Разм. Знасіцца, растаптацца. Туфлі разбіліся.

•••

Разбіцца ў дошку (блін) — прыкласці ўсе намаганні, зрабіць усё магчымае для дасягнення чаго‑н. Вядома Ліс тут не зяваў, Разбіўся ў блін, але нагатаваў І качак, і курэй, і рыбы, і вяндліны. Корбан.

разбі́ць, разаб’ю, разаб’еш, разаб’е; разаб’ём, разаб’яце; заг. разбі; зак., каго-што.

1. Ударам (ударамі) раскалоць, парушыць цэласць чаго‑н. Разбіць шклянку. Разбіць яйцо. □ Аднае раніцы.. Янка разбіў гліняны кубак, якім пілі ваду з вядра. Пальчэўскі. Раз’юшаны кашалот раптам рэзка павярнуў назад і кінуўся на шлюпку. Моцным ударам хваста ён ушчэнт разбіў яе. Матрунёнак. / у безас. ужыв. Па дарозе я забег у Даўгінава паглядзець на Мітрафанаву ліпу, якую разбіла маланкай. Бажко. // перан. Разбурыць, загубіць. Разбіць жыццё. Разбіць дружбу. Разбіць сям’ю. □ Новая акалічнасць разбіла Максімавы думкі і сумненні, выкліканыя Саўкам. Колас.

2. Пашкодзіць ударам якую‑н. частку цела, параніць. Разбіць калена. □ Я губляў апошнія сілы, некалькі разоў падаў, разбіў да крыві твар. Шамякін.

3. Паздзяліць на часткі, на групы; размеркаваць. Атрад разбілі на тры часткі. Лынькоў. Нядаўна Чмарава разбілі: адных — на пасёлкі, другіх — на хутары. Каваль. // Разм. Размяняць. Разбіць дзесяць рублёў.

4. Нанесці паражэнне; перамагчы. [Нявідны:] — Таварышы! Наша партыя, загартованая ў агні Кастрычніцкага паўстання, разбіла і скінула ўладу капіталу ў Расіі. Колас. У сорак другім годзе Савецкія войскі пад Сталінградам разбілі і пагналі фашыстаў. Чарнышэвіч.

5. перан. Даказаць беспадстаўнасць, неабгрунтаванасць, памылковасць каго‑, чаго‑н. Марыля патрабуе такога лектара, які б ушчэнт разбіў «святога» Луку, што ўжо трэці год жыве на лёгкім хлебе ў Белай Крыніцы. Навуменка.

6. Папсаваць яздой, раз’ездзіць. Разбіць дарогу. // Растаптаць, знасіць (абутак). Дзеду боты праслужылі сорак год, Бо стары ў руках абутак свой насіў, А ўнучак як надзеў, дык і разбіў. Корбан. // Расстроіць (музычны інструмент). Разбіць раяль.

7. Растрэсці, разварушыць, раскінуць (сена, гной і пад.). [Надзя:] Копы я кончыла растрасаць і пракосы ўсе за Лявонам разбіла. Козел. А на пожні сена, як шафран пахучае, раніцай разбілі. Ядвігін Ш.

8. Распланаваўшы, пасадзіць што‑н., закласці. Разбіць парк. □ У абедзенны перапынак рабяты разбілі футбольнае поле і валейбольную пляцоўку. Сергіевіч. Вясной перад .. домам разбілі газоны, заасфальтавалі тратуар. Лось.

9. Паставіць, раскінуць (палатку, лагер). А сёння новыя палаткі Разбілі ў полі юнакі. Прыходзька.

10. У друкарскай справе — аддзяліць прамежкамі, павялічыць разбег паміж чым‑н. Разбіць радкі ў наборы.

11. Разм. Распляскаць, размяць, зрабіць большым у аб’ёме. Разбіць шкуры. Разбіць чыгунную балванку. □ [Конь] ужо зубы з’еў траха не напалавіну, ды і жывот разбіў, як сяннік. Якімовіч.

12. Пазбавіць руху, зрабіць бяссільным (пра параліч і пад.).

•••

Разбіць лёд — зрабіць першы крок, пакласці пачатак чаму‑н.

Разбіць сэрца каму — зрабіць няшчасным каго‑н.

разблы́таны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разблытаць.

разблы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Развязацца, расплесціся, разматацца. Вузел разблытаўся. □ [Тышкевіч] паварушыў адной нагой, другой, адчуў, што вяроўка зусім разблыталася. Асіпенка.

2. перан. Разм. Стаць ясным, зразумелым. Справа разблыталася. □ Здавалася, што варта .. [Віктару] толькі ўхапіць .. [думку] за няўлоўную нітку, клубочак разблытаецца. Даніленка.