разбі́ць, разаб’ю, разаб’еш, разаб’е; разаб’ём, разаб’яце; заг. разбі; зак., каго-што.
1. Ударам (ударамі) раскалоць, парушыць цэласць чаго‑н. Разбіць шклянку. Разбіць яйцо. □ Аднае раніцы.. Янка разбіў гліняны кубак, якім пілі ваду з вядра. Пальчэўскі. Раз’юшаны кашалот раптам рэзка павярнуў назад і кінуўся на шлюпку. Моцным ударам хваста ён ушчэнт разбіў яе. Матрунёнак. / у безас. ужыв. Па дарозе я забег у Даўгінава паглядзець на Мітрафанаву ліпу, якую разбіла маланкай. Бажко. // перан. Разбурыць, загубіць. Разбіць жыццё. Разбіць дружбу. Разбіць сям’ю. □ Новая акалічнасць разбіла Максімавы думкі і сумненні, выкліканыя Саўкам. Колас.
2. Пашкодзіць ударам якую‑н. частку цела, параніць. Разбіць калена. □ Я губляў апошнія сілы, некалькі разоў падаў, разбіў да крыві твар. Шамякін.
3. Паздзяліць на часткі, на групы; размеркаваць. Атрад разбілі на тры часткі. Лынькоў. Нядаўна Чмарава разбілі: адных — на пасёлкі, другіх — на хутары. Каваль. // Разм. Размяняць. Разбіць дзесяць рублёў.
4. Нанесці паражэнне; перамагчы. [Нявідны:] — Таварышы! Наша партыя, загартованая ў агні Кастрычніцкага паўстання, разбіла і скінула ўладу капіталу ў Расіі. Колас. У сорак другім годзе Савецкія войскі пад Сталінградам разбілі і пагналі фашыстаў. Чарнышэвіч.
5. перан. Даказаць беспадстаўнасць, неабгрунтаванасць, памылковасць каго‑, чаго‑н. Марыля патрабуе такога лектара, які б ушчэнт разбіў «святога» Луку, што ўжо трэці год жыве на лёгкім хлебе ў Белай Крыніцы. Навуменка.
6. Папсаваць яздой, раз’ездзіць. Разбіць дарогу. // Растаптаць, знасіць (абутак). Дзеду боты праслужылі сорак год, Бо стары ў руках абутак свой насіў, А ўнучак як надзеў, дык і разбіў. Корбан. // Расстроіць (музычны інструмент). Разбіць раяль.
7. Растрэсці, разварушыць, раскінуць (сена, гной і пад.). [Надзя:] Копы я кончыла растрасаць і пракосы ўсе за Лявонам разбіла. Козел. А на пожні сена, як шафран пахучае, раніцай разбілі. Ядвігін Ш.
8. Распланаваўшы, пасадзіць што‑н., закласці. Разбіць парк. □ У абедзенны перапынак рабяты разбілі футбольнае поле і валейбольную пляцоўку. Сергіевіч. Вясной перад .. домам разбілі газоны, заасфальтавалі тратуар. Лось.
9. Паставіць, раскінуць (палатку, лагер). А сёння новыя палаткі Разбілі ў полі юнакі. Прыходзька.
10. У друкарскай справе — аддзяліць прамежкамі, павялічыць разбег паміж чым‑н. Разбіць радкі ў наборы.
11. Разм. Распляскаць, размяць, зрабіць большым у аб’ёме. Разбіць шкуры. Разбіць чыгунную балванку. □ [Конь] ужо зубы з’еў траха не напалавіну, ды і жывот разбіў, як сяннік. Якімовіч.
12. Пазбавіць руху, зрабіць бяссільным (пра параліч і пад.).
•••
Разбіць лёд — зрабіць першы крок, пакласці пачатак чаму‑н.
Разбіць сэрца каму — зрабіць няшчасным каго‑н.