Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

манкіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. манкіраваць.

ма́нна, ‑ы, ж.

1. Ежа, якая, паводле біблейскага падання, сыпалася з неба яўрэям у час іх вандравання па пустыні.

2. Спец. Застыўшы сок некаторых раслін, прыгодны для ежы і для лякарства.

3. Разм. Тое, што і манныя крупы (гл. манны).

•••

Манна з неба не сыплецца — дарам нічога не прыходзіцца.

Манна нябесная — што‑н. нечаканае, дарэмнае.

Спадзявацца на манну нябесную гл. спадзявацца.

Чакаць манны нябеснай гл. чакаць.

ма́ннік, ‑а, м.

Шматгадовая кармавая трава з вялікімі, падобнымі на мяцёлкі суквеццямі, якая расце каля вады і ў нізінах, багатых вільгаццю.

ма́нны, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з дробна размолатай пшаніцы. Манныя крупы. // Прыгатаваны з манных круп. Манная каша.

мано́кль, ‑я, м.

Круглае аптычнае шкло для аднаго вока, якое ўстаўляецца ў вачніцу і ўжываецца замест акуляраў або пенснэ. «Гвардыя першай пойдзе на фронт», — паведамляў якісь дэндзі, з маноклем у воку. Гартны.

[Ад грэч. monós — адзін і лац. oculus — вока.]

мано́метр, ‑а, м.

Прылада для вымярэння ціску вадкасці або газу ў замкнёнай прасторы.

[Ад грэч. manós — рэдкі, не шчыльны і metreō — вымяраю.]

мано́метравы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да манометра.

манпансье́, нескл., н.

Сорт фруктовых ледзянцоў.

[Фр. montpensier.]

манса́рда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Жылое памяшканне пад самай страхой дома з косай столлю або сцяной. Па добра знаёмай крутой лесвіцы з абцёртымі прыступкамі.. [Вера] ўзабралася на мансарду. Асіпенка.

[Фр. mansarde.]

манса́рдавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мансарды. Мансардавае акно.