мацыёлавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мацыёлы, уласцівы ёй.
мацыён, ‑у, м.
Хадзьба, гулянне з мэтай умацавання здароўя або для адпачынку. [Красачка:] — Я ўжо лепей дома пабуду, А для мацыёну, як кажуць дактары, дык я лепш у рыбку калі прайдуся ці ў грыбы падамся. Лынькоў.
[Ням. Motion ад лац. mótio — рух.]
мацюка́нне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. мацюкацца.
мацюка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Лаяцца матам 2.
мацюка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Разм. Лаяць матам 2.
мацярду́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Травяністая лугавая расліна сямейства губакветных з вельмі дробнымі пахучымі лілова-ружовымі кветкамі, сабранымі ў суквецце.
мацяры́к, ‑церыка, м.
1. Вялікая частка сушы, якая абмываецца морамі і акіянамі; кантынент. З канца ў канец на свеце, На ўсіх мацерыках — Крэмль ясна людзям свеціць, Да шчасця значыць шлях. Бялевіч.
2. Спец. Пласт зямлі, які залягае пад глебай. Найбольш старажытны культурны слой знаходзіўся на прыродным адкладанні жоўтага пяску, як кажуць археолагі, на мацерыку. Штыхаў.
мацяры́нскі, ‑ая, ‑ае.
1. Уласцівы маці. Мацярынскай любоўю зноў загарэліся жаночыя вочы. Асіпенка. // Які належыць маці.
2. Спец. Такі, ад якога або ў якім утвараецца што‑н. новае, падобнае да яго. Мацярынскія сарты насення.
•••
Мацярынская парода гл. парода.
мацяры́нства, ‑а, н.
1. Стан жанчыны-маці ў перыяд цяжарнасці, родаў і кармлення дзіцяці. Закон аб ахове мацярынства. // Стан, абавязкі і правы маці ў адносінах да дзяцей.
2. Пачуццё да дзяцей, уласцівае жанчыне-маці; уласцівае маці ўсведамленне кроўнай сувязі яе з дзецьмі. Я запомніў толькі .. [Машу], тую шчаслівую ўсмешку і вочы, поўныя гордай радасці мацярынства. Брыль. Смутак па мацярынству даўно парадзіў у Галі пагарду да жанчын, якія не жадаюць мець дзяцей. Марціновіч.