махну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Аднакр. да махаць (у 1 знач.). Хацяноўскі махнуў пугай, і коні весела пабеглі па прыгожай лясной дарозе. Чарнышэвіч.
2. Разм. Адправіцца, паехаць куды‑н. Васіль, пераапрануўшыся ў легіянерскую форму, з пакетам махнуў у тыл. Нікановіч.
3. Разм. Кінуцца. Не чакаючы новага нападу і адчуўшы, што справа абарочваецца ў нядобры бок, стралою махнуў дзед Талаш у густы хмызняк і знік з вачэй у момант вока. Колас.
4. (з прыназ. «у» у В). Разм. Стаць, зрабіцца кім‑н. Махнуць з токараў у свідравальшчыкі.
•••
Махнуць рукой на каго-што — перастаць звяртаць увагу на каго‑, што‑н.
махо́рачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да махоркі. Людзі выйшлі, за імі стаў выходзіць і махорачны дым і яго едкі пах. Пестрак.
махо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
1. Аднагадовая травяністая расліна сямейства паслёнавых, з лісцяў і сцябла якой атрымліваюць тытунь. — Палікарпаўна! — звярнуўся .. [Захар Іванавіч] да звеннявой па махорцы ў брыгадзе Варывончыка, ужо даволі пажылой жанчыны. Кулакоўскі.
2. Тытунь ніжэйшага гатунку, прыгатаваны з лісцяў і сцябла гэтай расліны. Мікалай дастаў з кішэні пачак махоркі і пачаў круціць папяросу. Чорны.
махра́, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і махорка (у 2 знач.). Высыпай на стол капшук махры: З госцем можна быць і да зары. Панчанка.
махрава́ты, ‑ая, ‑ае.
З невялікімі махрамі. Махраватыя канцы ручніка.
махро́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае вялікую колькасць пялёсткаў (пра кветку). Шыпшына — продак ружы, ад якой яна адрозніваецца тым, што кветкі яе простыя, а не махровыя. «Беларусь».
2. Пра тканіны, вырабы з тканін з высокім ворсам. Махровыя тканіны.
3. перан. Яскрава выражаны, дасягнуўшы вышэйшай ступені (пра якую‑н. адмоўную якасць, пра чалавека з такой якасцю). Махровы нацыяналізм. Махровы рэакцыянер.
махры, ‑роў; адз. махор, ‑хра, м.
1. Свабодна звісаючыя ніткі, шнуркі па краях якой‑н. тканіны. У Івана на шыі новы шалік, шэранькі, а ў Куліны — вялікая кашміровая хустка з махрамі. Гарэцкі.
2. Шматкі, абвіслыя касмылі па краях чаго‑н. Днём яшчэ цёпла, а ночы — волкія, важкія, і ранкамі на бульбоўніку, на траве белыя махры інею. Мележ.
3. Пялёсткі ў махровых кветках.
4. Тонкія адгалінаванні кораня расліны.