разумне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Набірацца розуму, станавіцца разумным, разумнейшым. [Чарнавус:] Я цешыўся, як .. [дачка] расла, разумнела, станавілася свядомым чалавекам... Крапіва.
разу́мнік, ‑а, м.
Разумны, разважлівы чалавек. — Вядома таксама, што адзін дурань можа задаць столькі пытанняў, на якія не адкажуць сто разумнікаў. Навуменка. [Бабуля:] — А Туман наш — разумнік. Чуе разлуку. Увесь дзень не адыходзіць. Ні на крок. Шыловіч. // Разм. іран. Той, хто любіць разумнічаць, мудраваць, лічыць сябе разумнейшым за іншых. — Не трэба мне тваіх тлумачэнняў. Разумнік! Я сам бачу! Злазь з камбайна! — крычыць Яўмён. Шамякін.
разу́мнічанне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разумнічаць.
разу́мнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Паступаць па-свойму, лічачы сябе разумней за другіх. // Пускацца ў абстрактныя непатрэбныя разважанні.
разу́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якому дадзен розум, надзелены розумам. Разумная істота.
2. Разважлівы, кемлівы, надзелены жыццёвай мудрасцю. Старшынёй калгаса выбралі чалавека разумнага, памяркоўнага. Даніленка. Жылі тры браты: два разумныя, а трэці — дурань. Якімовіч. // Які разумее чалавека (пра жывёл). Разумны сабака. // Які выяўляе розум, праніклівасць. Разумны твар. □ Разумныя карыя вочы хлопца кагосьці шукалі. Ваданосаў.
3. Які сведчыць аб розуме, разважлівасці. Разумнае слова. □ [Сцёпка:] — Каб выказаць разумную думку, не трэба многа прыгожых і выкрутасістых слоў. Колас. // Багаты думкамі, змястоўны. У партфелі .. [старшыня сельсавета] насіў разумныя кнігі і наведвальнікам-сялянам зачытваў цытаты з класікаў марксізма-ленінізма. Шамякін.
4. Які адпавядае абставінам, лагічны ў даных умовах, мэтазгодны. Разумны ўчынак. □ [Крушынскі:] — Адзін плач тут не паможа, бацюшка, трэба нешта больш разумнае рабіць. Бядуля. У выніку такой разумнай арганізацыі працы і высокай працоўнай актыўнасці калгаснікаў абмалот быў праведзен у самыя кароткія тэрміны, збожжа паступіла ў калгасныя засекі. Залескі.
•••
Разумная галава гл. галава.
разумо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Звязаны з дзейнасцю розуму, свядомасцю. Разумовыя здольнасці. Разумовае напружанне. Разумовае развіццё. // Які патрабуе напружанай працы розуму, думкі. Разумовая праца.
2. Які існуе або ўяўляецца толькі ў думках. І разумоваму зроку слухачоў упершыню з-за шыза-ліловай заслоны стагоддзяў паўставалі вобразы, тварэнні невядомых забытых майстроў, дойлідаў. Ліс.
разупэ́ўненне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. разупэўніць.
разупэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад разупэўніць.