разу́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якому дадзен розум, надзелены розумам. Разумная істота.
2. Разважлівы, кемлівы, надзелены жыццёвай мудрасцю. Старшынёй калгаса выбралі чалавека разумнага, памяркоўнага. Даніленка. Жылі тры браты: два разумныя, а трэці — дурань. Якімовіч. // Які разумее чалавека (пра жывёл). Разумны сабака. // Які выяўляе розум, праніклівасць. Разумны твар. □ Разумныя карыя вочы хлопца кагосьці шукалі. Ваданосаў.
3. Які сведчыць аб розуме, разважлівасці. Разумнае слова. □ [Сцёпка:] — Каб выказаць разумную думку, не трэба многа прыгожых і выкрутасістых слоў. Колас. // Багаты думкамі, змястоўны. У партфелі .. [старшыня сельсавета] насіў разумныя кнігі і наведвальнікам-сялянам зачытваў цытаты з класікаў марксізма-ленінізма. Шамякін.
4. Які адпавядае абставінам, лагічны ў даных умовах, мэтазгодны. Разумны ўчынак. □ [Крушынскі:] — Адзін плач тут не паможа, бацюшка, трэба нешта больш разумнае рабіць. Бядуля. У выніку такой разумнай арганізацыі працы і высокай працоўнай актыўнасці калгаснікаў абмалот быў праведзен у самыя кароткія тэрміны, збожжа паступіла ў калгасныя засекі. Залескі.
•••
Разумная галава гл. галава.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)