Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

маха́льнік, ‑а, м.

Спец. Асоба, якая падае сігналы маханнем. Кулі заіскрыліся, І махальнік кажа: «У цэнтры ўсе!» Ляпёшкін.

маха́льны, ‑ага, м.

Тое, што і махальнік.

маха́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. махаць (у 1 знач.).

махану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., аднакр.

Разм. Тое, што і махнуць.

махао́н, ‑а, м.

Адзін з самых буйных дзённых матылькоў з жоўтымі ў чорныя крапінкі крыллямі. Жоўты усурыйскі махаон.

маха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Рухацца з боку ў бок. Рудая .. грыва [каня] махалася ў такт яго кроку. Крапіва.

маха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. чым. Рабіць узмахі, рухі ў паветры. [Чалавек] ішоў не спяшаючыся, махаў партфелем, нібы забаўляўся ім. Чарнышэвіч. Вяла махала крыллямі разамлелая галка. Адамчык. // каму чым і чым. Падаваць знак, сігнал. Параход плаўна адваліў ад прыстані. За яго кармой запенілася вада. Усё больш і больш аддаляўся бацька. Ён махаў Сашку рукою. Даніленка. З узгорка, як куля, шыбаваў Алесь, .. [Сцёпкаў] брат, і махаў шапкаю, каб Сцёпка спыніўся. Колас. // чым. Разм. Рабіць узмахі якой‑н. прыладай у час работы. Махаць сякерай. □ Гадзіннік захроп, зашыпеў і, набраўшы духу, бомкнуў адзін раз і зноў пачаў махаць маятнікам .. і стукаць: цік-так, цік-так... Брыль. Пакуль можна было касіць, махаў касою госць побач з Міканорам. Мележ.

2. чым. Трэсці чым‑н., пагражаючы каму‑н. [Бацька] з перакрыўленым тварам махаў пальцам перад .. [сынавым] носам. Карпаў. Махае на людзей кулакамі .. пан камендант. Бажко.

3. Разм. Хутка ісці, рухацца, шпарыць. — Эх ты, брат, і жук, — у сваю чаргу разгадаў яго думку Міхал і засмяяўся: — Махай дадому. Васілевіч. — Ты махай за вярбу, а я ціхенька зайду з другога боку куста. Ляўданскі.

•••

Хоць ты махалам махай — занадта многа каго‑н.

махе́р, ‑у, м.

Шэрсць ангорскай казы. // Выраб з гэтай шэрсці.

[Англ. mohair.]

махе́равы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з махеру. Махеравы шалік.

махі́зм, ‑у, м.

Рэакцыйная суб’ектыўна-ідэалістычная плынь у філасофіі і метадалогіі навукі канца 19 — пачатку 20 ст.; эмпірыякрытыцызм.

[Ад імя заснавальніка гэтай плыні Эрнста Маха.]