Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

марко́ціцца, ‑кочуся, ‑коцішся, ‑коціцца; незак.

Сумаваць, тужыць; журыцца. Лабановіч даўно ўжо маркоціўся па Цельшыне і вельмі быў рад, калі скончыліся экзамены. Колас. [Іра:] — Вечарамі буду сядзець і чакаць цябе, маркоціцца і сумаваць адна. Сабаленка.

марко́ціць, ‑кочу, ‑коціш, ‑коціць.

Незак. да замаркоціць.

марксі́зм, ‑а, м.

Навука аб найбольш агульных законах развіцця прыроды і грамадства, аб рэвалюцыі прыгнечаных і эксплуатуемых мас, аб перамозе сацыялізма і будаўніцтве камуністычнага грамадства.

марксі́зм-леніні́зм, марксізма-ленінізма, м.

Вучэнне Маркса і Энгельса, развітае далей Леніным ва ўмовах імперыялізму і пралетарскіх рэвалюцыі.

марксі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік марксізма.

марксі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да марксіст.

марксі́сцка-ле́нінскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да марксізма-ленінізма; які адлюстроўвае прынцыпы марксізма-ленінізма. Камуністы Злучаных Штатаў настойліва змагаюцца за захаванне партыі, за ўмацаванне адзінства яе радоў на аснове выпрабаваных марксісцка-ленінскіх прынцыпаў. «Звязда».

марксі́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да марксізма, марксістаў. Марксісцкая партыя. // Уласцівы марксізму, марксісту. Марксісцкі светапогляд. Марксісцкае светаразуменне.

маркшэ́йдэр, ‑а, м.

Спецыяліст у маркшэйдэрскай справе.

[Ням. Markscheider.]

маркшэ́йдэрскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да маркшэйдэра, да маркшэйдэрства, які належыць ім. Маркшэйдэрская справа. Маркшэйдэрскія інструменты.