маўле́нчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да маўлення. Маўленчыя сітуацыі. □ У многіх казках словы ў сказе пастаўлены так, што зрушыўшы іх парадак, разбурым жывую тканіну, .. натуральную маўленчую плынь, а тым самым вобразны лад, гармонію казачнага складу. Саламевіч.
маўля́ў, часціца.
Разм. Ужываецца пры ўскоснай перадачы чужой уяўнай мовы. Дзед ганарыўся галубамі: маўляў, ні ў каго няма такіх разумных птахаў, як у яго... Сабаленка. На прыступках Алесь затрымаўся. Махнуў рукой сябрам, якія чакалі яго, маўляў, зараз прыйду. Шыцік.
ма́ўры, ‑аў; адз. маўр, ‑а, м.; маўрытанка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. маўрытанкі, ‑нак; ж.
1. У старажытнасці і ў сярэднія вякі — еўрапейская назва карэннага насельніцтва Паўночнай Афрыкі (акрамя Егіпта) і арабаў, якія ў 8 ст. заваявалі Паўночную Афрыку і большую частку Пірэнейскага паўвострава.
2. Арабскае насельніцтва сучаснай Маўрытаніі.
[Лац. Mauri ад грэч. maurós — цёмны.]
маўрыта́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да Маўрытаніі, маўраў.
маўча́льнік, ‑а, м.
Разм. Пра таго, хто любіць маўчаць, не любіць гаварыць. [Лучыніна:] Нашто мой бацька маўчальнік, але і ён загаварыў, што Бондар і клапатлівы гаспадар, і добры чалавек... Гурскі.
маўча́льніца, ‑ы, ж.
Разм. Жан. да маўчальнік.
маўча́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Разм. Маўчанне. Маўчалі пакуль і сыны, але ў маўчанцы гэтай яшчэ больш распальваўся паміж імі нядобры агонь. Галавач.
•••
Гуляць у маўчанку гл. гуляць.
маўча́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. маўчаць.