Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

матэрыялі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да матэрыяліст.

матэрыялісты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які грунтуецца на ідэях матэрыялізму. Матэрыялістычнае разуменне гісторыі.

2. Прасякнуты матэрыялізмам (у 2 знач.); вузка практычны.

матэрыялі́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да матэрыяліста (у 2 знач.).

матэрыя́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць матэрыяльнага (у 1 знач.).

матэрыя́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да матэрыі (у 1, 2 знач.); рэчыўны, рэальны. Матэрыяльны свет.

2. Які мае адносіны да матэрыялу (у 1 знач.). [Вагуцкі] зайшоў на матэрыяльны склад. Ля стэлажоў корпаўся Чычын. Лынькоў.

3. Звязаны з валоданнем маёмасцю, сродкамі для існавання, даходамі, грашамі. Матэрыяльнае становішча. Матэрыяльная дапамога. □ Чалавек адмаўляецца ад павышэння, ад значна большага заробку і іншых матэрыяльных выгод, ад пераезду ў горад, каб працаваць у далёкім раёне, у гушчы народа, — што ж можна сказаць пра яго, акрамя пахвалы? Шамякін.

•••

Матэрыяльная забяспечанасць гл. забяспечанасць.

маўзале́й, ‑я, м.

Вялікае надмагільнае архітэктурнае збудаванне; надмагільны помнік, грабніца. Маўзалей Леніна. □ Нясе прывет сардэчны Туды паток людзей, Туды, дзе стаў навечна Гранітны маўзалей. Бялевіч.

[Грэч. Mausōléion.]

ма́ўзер, ‑а, м.

Род аўтаматычнага пісталета. — За мной, таварышы! — на ўсю вуліцу крыкнуў моцна Арон і, зацяўшы ў руцэ ручку маўзера, ірвануў насустрач стрэлам. Мурашка.

[Ням. Mauser ад імя канструктараў.]

маўклі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць маўклівага. Па натоўпу хваляй прабег трывожны гоман і за ім глыбокая, непарушная, напружаная маўклівасць. Галавач. Было штось незвычайна важнае і велічнае ў гэтым далёкім харастве недасяжных зор і ў гэтай маўклівасці цёмнага бяздоннага неба. Колас.

маўклі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не любіць многа гаварыць; негаваркі. Віктараў бацька быў разважлівы, маўклівы, гаварыць многа не любіў, затое словы яго ніколі не разыходзіліся са справай. Гроднеў. Ганна Сцяпанаўна была не з маўклівых, і трэба было ўвесь час весці з ёй размову. Шыцік. // Які маўчыць, не ўступае ў размову. Праводзячы .. [Марыю], маці ўпотай плакала, а бацька ішоў маўклівы і сумны. Кулакоўскі. Байцы спалі, толькі каля зямлянак і пры ганках хадзілі маўклівыя вартавыя. Мележ. // перан. Поўны маўчання, нямы. Дубы стаялі маўклівыя, паважныя, ні адзін лісток не трапятаўся на іх. Шамякін. Ноч надыходзіла цёмная, маўклівая, па-асенняму сумная і непрыветная. Чарнышэвіч.

2. Зразумелы без слоў. У маўклівай згодзе абое [Агапа з Ігнасём] стараліся менш паказвацца ў людзі. Мурашка. // Які не суправаджаецца словамі. Маўклівае здзіўленне. □ Колькі хвілін дзве пары вачэй былі ў маўклівым спаборніцтве. Мікуліч. Старшыня калгаса згадзіўся [склікаць сход] з маўклівым, але прыкметным нездавальненнем. Шамякін.

маўле́нне, ‑я, н.

Вуснае і пісьмовае валоданне моваю; моўная дзейнасць.