Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

матрыярха́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да матрыярхату. Матрыярхальны род.

матрыярха́т, ‑у, М ‑хаце, м.

Перыяд у развіцці першабытнаабшчыннага ладу, на працягу якога жанчына адыгрывала кіруючую ролю ў гаспадарчым і грамадскім жыцці.

[Лац. mater — маці і грэч. archē — улада.]

мату́з, ‑а, м.

Разм.

1. Скручаная вузкая палоска тканіны, шнурочак для завязкі. Суконным тугім матузом Кустам завязалі галовы, Каб вецер дрыготкі і гром З іх цвет не атрэслі ліловы. Калачынскі.

2. пераважна мн. (матузы́, ‑оў). Завязкі ў фартуху, шапцы-вушанцы і пад. Зося спрабавала завязаць непакорлівыя матузы халата, але рукі дрыжалі, матузы выслізгвалі з пальцаў. Стаховіч.

мату́лін, ‑а.

Які мае адносіны да матулі, належыць матулі.

мату́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Разм. Ласк. да матуля.

мату́льчын, ‑а.

Які мае адносіны да матулькі, належыць матульцы.

мату́ля, ‑і, ж.

Разм. ласк. Тое, што і мама.

ма́тухна, ‑ы, ж.

Разм.

1. (звычайна з адценнем павагі). Маці. — Добры вечар, матухна! — прывітаўся сын. Якімовіч.

2. Ласкава-фамільярны зварот да пажылой жанчыны.

3. (звычайна ў прыдатку). Нар.-паэт. Аб тым, што з’яўляецца самым родным і блізкім. Тут, на беразе Волгі-матухны, прайшлі дзяцінства і юнацтва беларускага песняра Максіма Багдановіча, у Горкім пачынаў ён сваю літаратурную працу. С. Александровіч. І няма ў такія хвіліны нічога даражэйшага за матухну-зямлю, адзіную надзею на жыццё, адзіную заступніцу. Новікаў.

ма́тушка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм. Жонка свяшчэнніка, пападдзя.

матч, ‑а, м.

Спаборніцтва ў якой‑н. галіне спорту паміж дзвюма камандамі або двума праціўнікамі. Футбольны матч. Шахматны матч.

[Англ. match.]