матко́вы, ‑ая, ‑ае.
Зматаны ў маткі, у матках. Матковая пража.
матлашы́ць, ‑лашу, ‑лошыш, ‑лошыць; незак., каго-што.
Разм.
1. Рваць на шматкі, кавалкі. Сабакі матлошаць зайца.
2. Прыводзіць у бязладны стан. Матлашыць вецер Пракопаву бараду і псуе работу яму: засыпае сцежку белымі струменьчыкамі дробнага, пухкага, як мука, снегу. Колас.
3. Біць, дубасіць, нішчыць. Бывала, даўней, як завядзецца бойка — усё сяло калоціцца. Пабяруць калы і пачнуць матлашыць адзін аднаго. Колас. [Юзік:] — І калі мы раз наступілі на .. [урангелеўцаў] ды, закрычаўшы ўра, пачалі матлашыць іх штыкамі ды прыкладамі, дык яны кінуліся наўцёкі, а некаторыя здаліся. Крапіва.
матлёт, ‑а, М ‑лёце, м.
Даўні матроскі танец, які ў 20 ст. атрымаў пашырэнне ў якасці бальнага і эстраднага танца.
[Ад фр. matelot — матрос.]
матля́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. матляць і стан паводле знач. дзеясл. матляцца.
матля́цца, ‑яецца; незак.
Разм.
1. Тое, што і матацца 1 (у 1 знач.). Прасторны і даволі памяты гарнітур вісеў на .. [Лукашыку], бы на калу, рукі матляліся, як чужыя. Дамашэвіч.
2. Часта рухацца з боку ў бок; хістацца. Стаяла позняя восень. Дзе-нідзе на дрэвах бездапаможна матлялася ад ветру пабурэлае лісце. Новікаў.
матля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
Разм.
1. чым. Тое, што і матаць 1 (у 2 знач.). Жэнька сядзіць у дваровым садку на лавачцы, есць .. хлеб і матляе нагамі. Лужанін. Ззаду фыркалі і матлялі галовамі, адбіваючыся ад камароў, коні. Новікаў.
2. што. Часта рухаць з боку ў бок; хістаць. Вецер матляў мокрыя, цяжкія ад дажджу крысы паліто, зрываў шапкі. Васілеўская. Плуг выскокваў з баразны, матляў.. [Марыйчына] худзенькае цельца, нібы былінку. Місько. / у безас. ужыв. Коні ўсё набіралі бег, усё ляцелі, калёсы кідала, матляла так, што сэрца як не разрывалася. Мележ.
матну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Аднакр. да матацца 1 (у 1 знач.).
2. Разм. Хутка пабегчы, кінуцца куды‑н. Матрона матнулася праз вуліцу, маючы кірунак да кватэры пісара. Колас. // Прамільгнуць. Перад вачамі матнулася таўсматая, з клункам за плячамі, жанчына. Лобан.
матну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да матаць 1 (у 2 знач.).
мато́к, ‑тка, м.
Пэўная колькасць нітак, дроту і пад., роўна зматаная або навітая на матавіла. Маці напрала поўную шуфляду нітак у клубках і матках. Бядуля.