малакульту́рны, ‑ая, ‑ае.
Недастаткова культурны. Малакультурныя людзі.
малале́сны, ‑ая, ‑ае.
Які мае недастатковую колькасць лясоў; бедны лесам. Малалесная вобласць.
малале́ссе, ‑я, н.
Недастатковая колькасць лясоў у якой‑н. вобласці, раёне.
малале́так, ‑тка, м.
Дзіця. [Бародзічу] кажуць: не прызнаешся па шчырасці — засудзяць, не паглядзяць, што малалетак. Быкаў.
малале́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Тое, што і малалетак. [Паўлік] малалетка яшчэ. Няма сямі год. Пальчэўскі. Малалетка яна [дзяўчына]. Гэтак класаў сем ці восем кончыла. Гроднеў.
малале́тні, ‑яя, ‑яе.
Якому нямнога год ад роду. Малалетні сведка. // Які знаходзіцца ў дзіцячым узросце. Свеціць месяц паўночны Па сон малалетняга сына. Танк.
малале́цтва, ‑а, н.
Тое, што і маленства. Ой ты, маё сонца, Як жа свеціш ясна! Дзе ж было раней ты, Як быў я няшчасны? Як я ў малалецтве Радасці не ведаў. Купала.
малалі́касць, ‑і, ж.
Уласцівасць малалікага; малаколькаснасць. Малалікасць групы.
малалі́кі, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і малаколькасны. Малалікая ўпачатку група Бондара, якая перабралася на правы бок чыгункі, імкліва абрастае людзьмі. Навуменка.
малалітра́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
Разм. Малалітражны аўтамабіль.